«Кіберпартызаны» паведамілі пра кібератаку на інфармацыйныя рэсурсы БДУ



«Кіберпартызаны» паведамілі, што здзейснілі кібератаку на інфармацыйныя рэсурсы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прычынай кібератакі канкрэтна на гэтую ўстанову стаў выхад «пакаяльнага» відэа са студэнтам, якое знялі ў БДУ.

Як сцвярджаюць «Кіберпартызаны» , «ад наступстваў кібератакі БДУ не адновіцца яшчэ доўга». Паводле іх, па сістэме нанесены наступныя ўдары:

вывелі з ладу дамен-кантролеры; зашыфравалі працоўныя станцыі; выпампавалі больш за 3 тэрабайты дадзеных, выдалілі базы супрацоўнікаў, студэнтаў, абітурыентаў; зачысцілі ўсю бухгалтэрыю, воблачныя сэрвісы, пошты, і файлаабменнікі; знішчылі бэкапы; усе сайты bsu.by недаступныя.

Гэтым актам «Кіберпартызаны» дасылаюць сігнал: «дзейнічаеце як карнікі — атрымліваеце як карнікі». Акрамя таго, «Кіберпартызаны» выказваюць гатовасць адправіць адмінам БДУ выпампаваныя ў іх звесткі ў абмен на вызваленне 50-ці палітвязняў.