У Гародні хлопца адправілі ў калонію за «намер уступіць» у полк Каліноўскага
Нараджэнца Астравецкага раёна, 23-гадовага Васіля Якімава, суд Гарадзенскай вобласці прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Справу разглядаў суддзя Васіль Скок.
Хлопца абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях і ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы. „Абвінавачаны з красавіка па лістапад 2022 года выказаў жаданне, а затым абазначыў намер уступіць у адно з падраздзяленняў палка „Кастуся Каліноўскага””, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры. Па дадзеных пракурораў, Якімаў прадставіў свае персанальныя дадзеныя для прыёму ва ўзброенае фармаванне. «Адначасова ажыццяўляў збор інфармацыі аб месцах набыцця ваеннай амуніцыі, абмундзіравання і іншай экіпіроўкі для выкарыстання ва ўмовах баявых дзеянняў», – паведамілі ў пракуратуры.
Хлопцу прызначылі два гады калоніі агульнага рэжыму. Прыгавор у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.