Беларусы змогуць падавацца на дазвол на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы
Беларусы змогуць падаваць дакументы на від на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы за мяжой.

Пра гэта „Люстэрку” распавёў галоўны дарадца Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы Рокас Пукінскас.
Ён адзначыў, што ў законе існуюць абмежаванні на падачу праз візавыя цэнтры толькі для расейцаў. З 1 ліпеня Літва скараціла спіс тых, хто можа падаваць дакументы на нацыянальную візу. Адзін з самых важных момантаў, што гэты дакумент цяпер не могуць атрымліваць студэнты-вочнікі літоўскіх ВНУ, а таксама тыя, хто працаўладкоўваецца ў літоўскія кампаніі. Акрамя таго, нацыянальную візу цяпер не выдаюць замежнікам па дэфіцытных спецыяльнасцях, а таксама тым, у каго ёсць дазвол на працу ад службы занятасці.
— У гэтых выпадках беларусы змогуць падаваць дакументы не толькі ў Дэпартаменце міграцыі ў Літве, але і ў 34 цэнтрах VFS Global, якія працуюць за мяжой. Гэтыя дакументы будуць прымаць і разглядаць і далей ужо прымаць рашэнне па іх, — распавёў Рокас Пукінскас.