Беларуская бочка пораху

Жыву зараз у нервах, нейкіх дрэнных прадчуваннях, пастаяннай занепакоенасці. І гэта не толькі па прычыне маіх узроставых, дэпрэсіўных адчуванняў, але проста таксама з-за ўбірання ў сябе тых усіх дрэнных вонкавых сігналаў, што б’юць па нашай мозгава-нервовай сістэме кожнага дня. Абараняцца перад тайфунам трагічных навін зараз, здаецца, проста немагчыма. Хіба, што стаць тады проста такім зомбі — абыякавым і пазбаўленым эмпатычнага адчування да бяды і крыўды, што дзеюцца на нашых вачах, забыць пра чалавецтва, гуманнасць, хрысціянства. З другога боку пачынаю адчуваць проста страх перад найбліжэйшай будучыняй. Дай Божа, каб гэта быў толькі нейкі кароткачасовы нервовы крызіс, які разыдзецца ў сонечных, летніх промнях і ва ўмовах абавязковага адпачынку ў згодзе з прыродай і біялагічным, чалавечым гадзіннікам. Але ж давайце канкрэтызаваць ад найважнейшага.
Агрэсія Расеі на Украіну вывернула цалкам наша пачуццё стабільнасці ў яе фізічным і духоўным вымярэнні. У гэтай частцы Еўропы вайна бярэ ў свае абдымкі і абцугі не толькі арміі, палітыкаў, геапалітычныя лагеры, але палоніць і бярэ ў заложнікі наогул чалавечыя мары пра справядлівасць, мір, ці надзею для наступных пакаленняў на быццё вольнымі людзьмі. У такой бядзе з году ў год прымушае беларускі народ выжываць і быць патаптаным дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Падзеі апошніх дзён і тыдняў паказваюць, што для дыктатара няма аніякай святасці, апрача ўласнай бяспекі і сваёй улады. Разуменне дзяржавы і народа здаюцца быць у яго на ўзроўні міжнароднага злачынцы — гандляра зброяй і жыццём мільёнаў сваіх суайчыннікаў. Без свайго роду і зямлі.
Пры тым абсталёўваючы ў сябе расейскія ядзерныя боегалоўкі і даючы згоду на пабыўку ў Беларусі міжнароднага злачынцы Яўгена Прыгожына і ягоных ваенных бандытаў — вагнераўцаў, адкрывае чарговыя пякельныя вароты для бязлітаснай вайны, якая можа проста зваліцца на беларускую зямлю і яе жыхароў. Беларусь з дня на дзень можа стаць закрытым лагерам, адгароджаным калючым дротам і высокім мурам, з якога не выедзе аніводзін беларус. Мара Лукашэнкі пра такую сітуацыю, здаецца, можа самарэалізавацца рукамі краін-суседзяў, якія, думаючы пра бяспеку сваіх дзяржаў і народаў, проста будуць змушаны перакрыць усе памежныя пераходы з дзяржавай-суседкай. Латвія, Літва, Польшча, Украіна, якая адрознівае ўжо беларускі народ ад існуючай там дыктатуры, будуць прымушаны супрацьстаяць ракетам і аўтаматным дулам, накіраваным з Беларусі ў іхні бок. А тады на тонкасці і зразуменне ўнутраных беларускіх абставін не будзе часу і месца. Ніхто і не заікнецца пра гуманітарныя калідоры, каб выпусціць мірнае грамадства.
Атамная зброя ў расейскіх руках, вагнераўцы — як расейскі акупацыйны кантынгент — гэта ж інструменты дзеля любой правакацыі і пераносу канфлікту, а нават удару па Беларусі — як хаўрусніку злачыннай пуцінскай Расеі. Нічога затым дзіўнага, што менавіта ў адказ на такія дзеянні і перад віленскім самітам НАТА, які пройдзе ў найбліжэйшыя дні ў Вільні, запэўненню бяспекі з беларускага напрамку ўдзяляецца асаблівая ўвага. Польшча перакідае дадатковыя падраздзяленні на сваю мяжу ўключна з антытэрарыстычнымі фарміраваннямі. Публічна таксама была агучана магчымасць увядзення ізноў надзвычайнага становішча, калі не ва ўсёй Польшчы, дык ва ўсходняй памежнай зоне. Памятайма, што тысячы прывезеных эмігрантаў надалей знаходзяцца ў рэзерве крамлёўска-мінскіх спецаперацый, якія ў любы момант могуць падняць тэмпературу на еўраатлантычнай мяжы. Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі ў сувязі з маскоўска-мінскімі падзеямі заяўляе пра патрэбу ўсталявання ядзернай зброі менавіта ў нашай краіне. Ну і большасць атрыманага і закупленага Польшчай узбраення зараз мае закрываць і абараняць беларускі напрамак.
Калі глядзець на маланкавае развіццё напружанасці на беларуска-польскай мяжы, на якой жывем тут стагоддзямі, то проста той мой падспудны страх з’яўляецца не нейкай ірацыянальнай аберацыяй, але хіба генетычным багажом, накопленым цягам гістарычнасці лёсаў падляшскага быцця саміх нас у сябе.
Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”