Лідскія выдатніцы



Летась многія СМІ пісалі пра Настассю Більдзь з Ліды, якая стала сапраўднай зоркай уступнай кампаніі. Дзяўчына з вышэйшай адзнакай скончыла сярэднюю школу і здала кожнае ЦТ на максімальна магчымы бал.

А сёлета з Ліды яшчэ адна абітурыентка набрала 400 балаў з 400 магчымых.  Гэта Паліна Дычак, якая скончыла сярэднюю школу №16 г. Ліды з залатым медалём. Сярэдні бал атэстата выпускніцы – 10,0.

Паліна – уладальніца двух стобальных сертыфікатаў цэнтралізаваных іспытаў па рускай мове і хіміі. На цэнтралізаваным тэставанні па біялогіі таксама атрымала найвышэйшы бал. Такім чынам, у юнай лідчанкі атрымалася 400 балаў з 400 магчымых.

Тры 100-бальныя сертыфікаты ў яшчэ адной выпускніцы з Ліды Вольгі Нікановіч.

Толькі зацятасць, мэтанакіраванасць і велізарная працавітасць дапамаглі выпускніцы СШ № 8 Нікановіч Вользе дамагчыся высокіх вынікаў у выпускной і ўступнай кампаніі.

Атрымаўшы два 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваных іспытах па рускай мове і ангельскай мове, Вольга яшчэ руплівей займалася падрыхтоўкай да цэнтралізаванага тэставання па грамадазнаўстве. Штодзённыя заняткі, дапамога педагога Таццяны Сурконт – і доўгачаканы найвышэйшы вынік – 100 балаў!

Беларускае Радыё Рацыя