Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзеная на „Валадарку“

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзеная з „Навінак“ на „Валадарку“. Пра гэта на Facebook паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда:
— Хутчэй за ўсё псіхіятрычная экспертыза скончылася. Але нам нічога не вядома пра яе вынікі, таксама нам нічога не вядома аб стане здароўя Паліны. Для Паліны пачаўся ўжо шосты цяжкі этап. Гэта два-тры тыдні дарогі, бясконцыя вобшукі, распаленыя ад спёкі аўтазакі, і рукі анямелыя ад кайданкоў. Такое адчуванне, што бясконцымі этапамі хочуць канчаткова высмактаць сілы і здароўе. Роўна праз месяц 6 жніўня ў Паліны сканчваецца ужо другі прысуджаны ёй тэрмін зняволення. Зразумела, што яе не выпусцяць, а будуць наноў судзіць. Такім чынам, тэрмін зняволення для Паліны становіцца бясконцым.
Нагадаем, што вырак накіраваць палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк на судова-псіхіятрычную экспертызу было прынята пасля ейнай адмовы ад беларускага грамадзянства ў канцы траўня.