На беларускім Палессі адсвяткуюць Купалле
На беларускім Палессі падрыхтаваліся да сустрэчы народнага свята – Купалля. У чатырох раёнах Берасцейшчыны – Пінскім, Іванаўскім, Столінскім і Лунінецкім мясцовыя творчыя калектывы пакажуць тэматычнае тэатралізаванае відовішча і правоўдуць купальскія абрады. Купалле на Палессі масава адзначалі нават за савецкім перыядам, у часы выкаранення народна-хрысціянскіх вераванняў.
Пінскі краязнаўца адзначае, што традыцыя не перарывалася з-за жыццёвага прынцыпу мясцовых жыхароў – “рабіць, як было заўжды”:
-І першы даследчык, да якога можна аднесці Крашэўскага, і ўсе заўважалі такую адметнасць у палешукоў – “як раней было”. Напрамак вуліц ніколі не мянялі, была тут вуліца пракладзена, вось яна тут і надалей будзе. Хата стаіць, то і будзе стаяць. Ніколі нічога самі не разбуралі. Гэта захавалася і ў традыцыях, і ў рэлігійных вераваннях, і, адпаведна, у народных святах, і ў тым ліку ў Купаллі.
Краязнаўца дадае, што акрамя арганізацыі ў палескіх раёнах цэнтральных святочных імпрэзаў, у кожнай буйной вёсцы будзе абавязковае купальскае вогнішча з песнямі і карагодамі.
Беларускае Радыё Рацыя
