Адвакатку Юлію Юргілевіч будуць судзіць разам з Паўлам Мажэйкам



Адвакатку Юлію Юргілевіч пачнуць судзіць у Гародні 10 ліпеня. Яна праходзіць па крымінальнай справе з Паўлам Мажэйкам, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал „Права маюць”.

Справу ў Гарадзенскім абласным судзе будзе разбіраць Максім Філатаў.

Юлію Юргілевіч і Паўла Мажэйку абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы адзначаюць, што абставіны гэтай крымінальнай справы невядомыя.

Юлія Юргілевіч адпрацавала адвакатам амаль 18 гадоў. Абараняла ў судах палітвязняў Алеся Пушкіна, Ігара Банцэра, Андрэя Сакалоўскага, Арцёма Баярскага і  Андрэя Аўсіевіча.
У лютым 2022 года яе выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за нібыта „сістэматычныя парушэнні заканадаўства”. Адвакатку затрымалі па вяртанні з Польшчы 30 жніўня 2022 года. У той самы дзень быў затрыманы журналіст і кіраўнік гарадзенскага “Цэнтра гарадскога жыцця” Павел Мажэйка.