527 год з дня атрымання Гародняй поўнага Магдэбургскага права



11-га ліпеня 1496 года Гародня атрымала Магдэбургскае права, якое ўводзіла мясцовае самакіраванне ў форме рады і бурмістра. Жыхары вызваляліся ад гандлёвага мыта, маглі ладзіць кірмаш тройчы на год і пабудаваць ратушу.

Родны горад віншуюць гарадзенцы, культурніцкія дзеячы Алесь Кіркевіч і Васіль Калач:

Віншую. Вельмі хацелася б, каб гэтыя правы і свабоды аднавіліся, бо Магдэбурскае права – гэта не проста пра статус горада, а пра самакіраванне. Вельмі хацелася б вярнуцца ў горад у якім сапраўды будзе выбарны галава горада, будуць нейкія людзі, якія змогуць уплываць на палітыку горада, сацыяльную, эканамічную. Каб падаткі плаціліся ў мясцовы бюджэт і горад мог развівацца, багацець.

Гародня – гэта найлепшы горад у свеце. Гародня лепшая за Парыж. Усе параўноўваюць, што Гародня – гэта маленькі Парыж. Я б сказаў, што Парыж – гэта вялікая Гародня. Аднавіць ратушу ў Гародні абавязкова трэба. Павінна быць сваё мясцовае самакіраванне, бургамістр ці прэзідэнт горада.

У гісторыі Гародні было дзве ратушы. Да нашых дзён ніводная не захавалася. Першая з гадзіннікам – была разбурана ў 1660-х гадах у выніку захопу горада маскоўскімі войскамі.

У 18-м годзе на тым жа месцы пабудавалі новую ратушу ў стылі класіцызму. Пасля Другой сусветнай вайны гэта ратуша не дужа пацярпела, аднак яе разабралі пазней.

Беларускае Радыё Рацыя