12-га ліпеня – Свята св. Апосталаў Пятра і Паўла



12-га ліпеня праваслаўныя вернікі па ўсім свеце адзначаюць Дзень Слаўных i Усяхвальных першавярхоўных Апосталаў Пятра i Паўла.

Важнасць свята падкрэсліў кіраўнік парафіі св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Нью-Ёрку Архіяпіскап Святаслаў Логін:

– Дзень Пятра і Паўла мы шануем, як дзень апосталаў. Гэты дзень пачалі адзначаць з 4-га стагоддзя, калі ў Рыме, у Канстанцінопалі, былі збудаваныя храмы ў гонар апостала Пятра і Паўла, бо яны найбольш шанаваліся. Ёсць такое, што Гасподзь даў ключы ад уладарства нябеснага апосталу Пятру, таму ў народзе так малююць яго на іконах з ключамі. Адзін з галоўных апосталаў Павел не ўваходзіў у 12-ць апосталаў, бо не быў хрысціянінам, а нават ваяваў з хрысціянамі. Ён стаў хрысціянінам і быў залічаны да 70-ці апосталаў.

Апосталы Пётр і Павел займаюць асаблівае месца ў іерархіі Царквы Хрыстовай. Як найбліжэйшыя вучні і паслядоўнікі Хрыста, да скону жыцця яны распаўсюджвалі яго вучэнне ва ўсе куткі свету. Для ўсяго праваслаўнага свету гэтыя двое апосталаў па праве лічацца прыкладамі цвёрдасці, розуму, пакаяння і веры.

Беларускае Радыё Рацыя