Ён апісаў друкаваныя асобнікі статутаў ВКЛ
Вялікім аўтарытэтам у сучаснікаў карыстаўся гісторык Ігнат Даніловіч (1787-1843) і як вучоны, і як выкладчык. Адным з першых ён даследаваў заканадаўчыя і летапісныя помнікі Беларусі і Літвы. Вывучаў права Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя асобнікі статутаў ВКЛ. Яго плённая праца стала пачаткам навуковага даследавання беларуска-літоўскага летапісання. 12 ліпеня спаўняецца 180 гадоў з дня смерці Ігната Даніловіча.

Нарадзіўся Ігнат Даніловіч у вёсцы Грынявічы Бельскага павета Падляшскага ваяводства ў сям’і беларускага ўніяцкага святара. Вучыўся ў Ломжынскай піярскай школе, затым у Беластоцкай гімназіі. У 1812 годзе Ігнат Даніловіч скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе выкладаў права (1814–1824). У 1822 годзе ён стаў прафесарам. Пасля раскрыцця таварыства філаматаў, Даніловіч пакінуў Вільню, бо яму забаранілі жыць на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У 1825–1829 гадах Ігнат Даніловіч з’яўляўся прафесарам Харкаўскага ўніверсітэта, а ў 1830–1835 гадах працаваў у Санкт-Пецярбургу ў камісіі Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для заходніх губерняў. У 1835 годзе вучоны пераехаў у Кіеў. Быў першым дэканам юрыдычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта.
Яшчэ студэнтам Ігнат Даніловіч пачаў сур’ёзна займацца пошукам пісьмовых помнікаў. У той час у Вільні быў створаны гурток моладзі, якая добра ведала царкоўнаславянскую і беларускую мовы і цікавілася стараславянскімі кнігамі і рукапісамі. Калі пры ўніверсітэце была адкрыта Галоўная духоўная семінарыя, пачалі сістэматычна арганізоўвацца археаграфічныя экспедыцыі па пошуку пісьмовых помнікаў. У гэтай справе дапамагалі беларускія, польскія і расейскія вучоныя. Вялікія зборы рукапісаў, здабытыя ў час працы ва ўніверсітэце, Ігнат Даніловіч умела класіфікаваў і крытычна разбіраў. У 1821 годзе вучоны ўвайшоў у склад спецыяльнага камітэта, створанага ў Вільні, задачай якога быў збор тагачасных першакрыніц права, а ў 1822 годзе ён стаў членам камісіі, якая занялася падрыхтоўкай да друку Статута ВКЛ 1588 года.
Упершыню Ігнат Даніловіч апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 года паводле рукапісу 1519 года, які ў 1822 годзе разам з Міхаілам Баброўскім выявіў у бібліятэцы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра; перавыдадзены ў 1827 годзе асобнай кнігай пад назвай «Летапісец Літвы і руская хроніка». У 1837 годзе выйшла з друку праца «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства», у якой вучоны даў характарыстыку гістарычнага развіцця права ў Літве і Беларусі, акрэсліў яго вытокі і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам. Ігнат Мікалаевіч Даніловіч падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 года, разам з шэрагам іншых заканадаўчых дакументаў ВКЛ яно было апублікавана ў кнізе «Збор літоўскіх законаў ад 1389 да 1529 г.» (Познань, 1841). У 1840 годзе выйшла праца гісторыка «Пра літоўскія летапісы», у 1841 годзе – «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» і шмат іншых. Некаторыя работы даследчыка засталіся неапублікаванымі, яны захоўваюцца ў асноўным у Польшчы, Расеі, Украіне і Літве.
На працягу ўсяго жыцця Ігнат Даніловіч даследаваў мінулае Літвы і Беларусі, збіраў, вывучаў і публікаваў шматлікія дакументальныя помнікі. Ён сістэматычна і мэтанакіравана шукаў іх ва ўсіх даступных бібліятэках, архівах, музеях, манастырах і прыватных зборах. Яго імя як выдатнага крыніцазнаўца, даследчыка беларуска-літоўскага права назаўсёды застанецца ў айчыннай навуцы.

Беларускае Радыё Рацыя