Андрэй Шарэнда: Алеся Пушкіна закатавалі мэтанакіравана

У розных краінах праходзяць акцыі памяці замучанага ў турме палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, высокамаральнага чалавека і сапраўднага Грамадзяніна.
У беларусаў няма сумневу, што Алеся Пушкіна закатавалі наўмысна, кажа актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда:
-Я асабіста ведаў Алеся Пушкіна. Як зараз памятаю, мы пазнаёміліся з ім на адным з Аршанскіх фэстаў, які праводзіўся штогод. Менавіта Алесь Пушкін быў адным з заснавальнікаў гэтага фэсту, які на пачатку дзевяностых гадоў быў шматтысячным…Калі ў 2007 годзе на фэст прыехалі супрацоўнікі АМАПу і спрабавалі яго разагнаць, я бачыў як Алесь Пушкін не баяўся гэтых супрацоўнікаў міліцыі, АМАПу, спакойна хадзіў паміж імі, казаў, што мы тут гаспадары на гэтым полі, гэта наша гістарычная каштоўнасць. Гэтым першым спатканнем Алесь Пушкін мне больш за ўсё і запомніўся. Пазней мы некалькі разоў сустракаліся на розных фэстах. А яшчэ вельмі добра запомнілася, як я быў у яго неяк у гасцях у Бабры, дзе ён ладзіў святкаванне Купалля. У яго была традыцыя – ён кожны год рабіў у Бабры для мясцовых жыхароў і прыезжых фэст.
У „папраўчай” калоніі, у „Воўчых норах” яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА і карцар, ён знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу. Зразумела, гэта не можа не сказацца на здароўі. А пазней перавод яго ў самую жорсткую турму, якая існуе – гарадзенская турма...А тое, што адбываецца ў гарадзенскай турме – гэта канцлагер проста, бо вязняў там катуюць, асабліва гэта тычыцца палітвязняў. Ёсць шмат сведчанняў, што палітвязняў у гарадзенскай турме проста не лічаць за людзей… Для мяне няма ніякіх сумневаў, што Алеся Пушкіна папросту забілі...
– Мы ўсе добра разумеем, што чалавека забілі, закатавалі.
– Гэта ідзе знішчэнне лепшых людзей Беларусі, і гэта трэба неяк спыніць.
Поўнасцю гук:
Алесю Пушкіну было 57 гадоў. Трапіў у засценкі рэжыму за карціну і свой светагляд, з турмы жывым не выйшаў.
Беларускае Радыё Рацыя