Труну з Алесем Пушкіным да царквы неслі на руках



На пахаванне мастака Алеся Пушкіна, які памёр у ноч з 10 на 11 ліпеня, сабралася каля 100 чалавек, піша „Наша Ніва”.

Развітацца з Пушкіным прыйшлі і мясцовыя жыхары з вёскі Бобр, якія ведалі Алеся з маленства, і тыя, хто прыехаў адмыслова з розных куткоў Беларусі. На пахаванне прыехалі і ўсе чацвёра дзяцей Пушкіна — тры дачкі і сын Мікалай.

Хавалі мастака ў вышыванцы, а ў труну паклалі яго знакаміты капялюш.

Пасля развітання каля хаты прысутныя на руках аднеслі труну ў царкву. Адпяванне прайшло ў мясцовым праваслаўным храме, адноўленым пасля пажару ў 2011 годзе. Менавіта тут у 1996-м Пушкін зрабіў славутыя роспісы сцен.

Алесю Пушкіну было 57 гадоў. За сваю творчасць ён быў асуджаны на 5 гадоў зняволення. 

***

Развітанне з мастаком, палітвязнем, які загінуў за кратамі, пачалося каля роднага дома Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр, пазней труну з целам павезлі ў царкву, дзе адбылася паніхіда, адтуль – на могілкі.

Фота: Фэйсбук

Мастака хаваюць у вышыванцы, у труну яму паклалі капялюш. Фота з развітання з’явілася ў сацыяльных сетках.

Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гарадзенскай бальніцы.  Як стала вядома, у яго была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.