110 гадоў Беларускаму выдавецкаму таварыству
14 ліпеня 1913 года ў Вільні было заснавана Беларускае выдавецкае таварыства. Яно існавала ў Вільні ў 1913—1915 і 1919—1930 гадах, выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Выдавецтва знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасці бачыла ў духоўным адраджэнні беларускага народа. У 1913—1914 гадах сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала. Старшынём яго стаў Вацлаў Іваноўскі, які прадставіў суполцы памяшканне і грашовыя сродкі, значныя субсідыі таварыству выдзяляла княгіня Магдалена Радзівіл.
На першым этапе існавання таварыства выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 50 тысяч асобнікаў. Сярод іх творы Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Канстанцыі Буйло, Язэпа Лёсіка і іншых, «Велікодная пісанка», «Апавяданні і легенды вершам», «Беларускія календары» на 1914 і 1915 гады.
Цэнтрам распаўсюджання выдадзеных кніг стала заснаваная ў жніўні 1913 года пры ўдзеле БВТ беларуская кнігарня Вацлава Ластоўскага. У той час гэта было адзінае беларускае выдавецтва, якое выплачвала аўтарскія ганарары. Выдавецтва спыніла дзейнасць у 1915 годзе з прычыны Першай сусветнай вайны.

Таварыства аднавіла дзейнасць у 1919 годзе (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»). Выпускала навукова-папулярную, навучальную і мастацкую літаратуру. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў актывізаваў працу выдавецтва. У другі перыяд існавання ў таварыстве выйшлі «Выбраныя творы» Якуба Коласа, п’есы «У іншым шчасці няшчасце схавана» Каруся Каганца, «Суд» Уладзіслава Галубка, «Атрута» Максіма Гарэцкага, «Лекары і лекі» А. Гаротнага, зборнік вершаў «Зорным шляхам» Хведара Ільяшэвіча, зборнік заходнебеларускіх паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» Ігната Дварчаніна, крытычныя нарысы «Адбітае жыццё» Антона Навіны, філасофскія эцюды «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Антона Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М. Доўнар-Запольскага і іншыя.
Спыніла дзейнасць Беларускае Выдавецкае Таварыства напачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных форм вызваленчага руху.

Беларускае Радыё Рацыя