Ці шмат людзей прыйшло на развітанне з Алесем Пушкіным
На здымках з пасёлку Бобр, дзе пахавалі мастака і актывіста беларушчыны Алеся Пушкіна, бачна каля ста чалавек. Асабіста я пазнаў людзей з розных куткоў Беларусі.


Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі.
Апошнюю чвэрць стагоддзя так шмат казалі, што ў Беларусі «дыктатура», што калі яна пачалася па сапраўднаму, людзі за мяжой, нават беларусы, якія там жывуць, ужо не адчуваюць сэнс слова.
Нядаўна мой знаёмы беларус, які стала жыве ва Украіне, напісаў, маўляў, як мала людзей прыйшло на развітанне з Алесем Пушкіным.
То бок, чалавек ужо не разумее, што кожны, хто прыйшоў, запісаны ў кэгэбэшны файлік, і стаіць на асаблівым уліку назірання.
Мой украінскі знаёмы беларус параўноўвае здымкі з пахавання Алеся Пушкіна са здымкам з пахавання Ларысы Геніюш. Паэткай, актывісткай беларушчыны, асобай, якая была гвалтам вывезеная з Чэхаславаччыны ў БССР, але так і не прыняла савецкае грамадзянства. Пахаванне было ў часы позняга СССР. Акурат неўзабаве пасля смерці Брэжнева. Той кароткі перыяд зваўся Андропаўшчынай.
Ларыса Геніюш з Алесем Пушкіным па большасці пазіцый падобныя. Хіба што ў Алеся было беларускае грамадзянства, хай сабе і з гербам «капуста».
Украінскі аўтар беларускага паходжання ў часы Андропава толькі планаваўся да нараджэння, і думае, што таталітарная сістэма СССР у паўсядзённым жыцці была больш страшная.
А вось што піша беларускі праваслаўны святар-дысідэнт Аляксандр Шрамко:
«Зараз у Беларусі нашмат больш жорсткі рэжым. За ўдзел у пахаванні нават пры Андропаве нічога такога не чакалася. Наагул такога страху не было. Былі «чырвоныя лініі», і добра было вядома дзе яны праходзяць. Напрыклад, ва ўсе 70-80 гады мне не прыйшло б у галаву хаваць, што я слухаю «галасы». Нават смяяўся з бацькі, які прайшоў сталінскую эпоху, і прасіў мяне «уключыць пацішэй». Зараз у Беларусі ніхто не можа сказаць, за што дакладна не будзе пераследу. Атмасфера жудасная».
Дык апісанае Аляксандрам Шрамком не разумее беларус, які толькі некалькі гадоў як з’ехаў.
За прамінулы ад 2020 году час адбылося шмат падзеяў. Як за цэлую эпоху.
Зразумела, што фокус сусветнай увагі скіраваны на падзеі ва Украіне і вакол яе.
Але вельмі важна, што жудасную сітуацыю ў Беларусі трэба інфармацыйна дзяўбсці і дзяўбсці ў пункты прыняцця рашэнняў сусветнага маштабу.
Калі ты цудам выбіраешся з Беларусі на больш-менш свабодную тэрыторыю, а табе там кажуць «што вы ў Беларусі нічога не робіце», – гэта выглядае трызненнем вар’ята.
Інфармацыйную блакаду трэба прабіваць і змяншаць.
Лукашэнка – гэта не забаўны недарэка з калгаснымі замашкамі.
Гэта крывавы злачынца, які катуе беларусаў і гатовы зрабіць шкоду іншым нацыянальным супольнасцям.
А прыйсці на пахаванне Алеся Пушкіна – гэта грамадзянскі подзвіг.
Севрын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя