“Крыза жанру”
Які тэатр, такія і акцёры. ФСБ папярэдзіла злачынства стагоддзя – замах на Маргарыту Сіманьян. Лепшая жаночая роля другога плана дасталася Ксеніі Сабчак. Як альтэрнатыву, разглядалі кандыдатуры Вольгі Бузавай і Кіркорава, але неанацысты з групоўкі „Параграф-88” падумалі, што наўрад ці іх галовы каштуюць паўтара мільёна рублёў, таму вырашылі спыніцца ўсё ж на Сабчак. Шэдэўральнае відэа, дзе галоўны найміт Міша робіць (чытай – кажа зазубранымі фразамі) прызнанне, не прымусіла сябе доўга чакаць.
Замоўцам, натуральна, была СБУ. І, што вельмі важна, калі хочаш кагосьці таемна забіць, неабходна апрануць футболку з надпісам “Waffen-SS”, а то не павераць у шчырае прызнанне. Шкада, што візітоўка Правага сектару засталася за кадрам. Але гэта безумоўна. Натуральна, галоўны рэдактар Russia Today – фігура для СБУ знакавая і маштабам нават нагадвае ранняга Салаўёва, але чаму ганарар у рублях? Ці гэта прыхаваная рэклама нацыянальнай валюты РФ, якая імкліва падае? І нікому ў галаву не прыходзіць, што Сіманьян і Сабчак Украіне патрэбныя жывымі – для суда. Абедзве гераіні пракаментавалі навіну: шакаваны, маўляў, тэрор – зло, удзячныя ўсім службам за працу. Калі гэта праўда, вядома (рэмарка ад Сабчак). Эх, перавяліся ў гэтых службах годныя драматургі! Крыза жанру.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя