Ганна Вішняк: Я была адміністратарам тэлеграм-канала „Кіроўцы 97 працэнтаў”



Сённяшняя госця Беларускага радыё Рацыя – былая палітзняволенная, палітычная актывістка і валанцёрка Ганна Вішняк. Гутарым з Ганнай пра ўмовы ў беларускай калоніі, праблемы палітзняволенных і дапамогу ім пасля вызвалення.

РР: Чым для вас быў пратэстны 2020 год? Чым вы займаліся? Колькі часу вы правялі ў зняволенні?

Ганна Вішняк: 2020 год у мяне пачаўся з таго, што я пачала больш актыўна займацца валанцёрскай дзейнасцю. Мы пачалі ездзіць у розныя дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты. У нас атрымліваліся аўтапрабегі, бо шмат хто да нас далучаўся, там былі розныя людзі, мы прыязджалі проста пагуляць з дзецьмі, прывезці ім прысмакі. Гэтага было дастаткова дзецям. Я сама з інтэрнату, і я памятаю, як да нас прыязджалі скаўты, прыязджалі нейкія людзі, гэта для нас было вельмі добра, цікава. А затым летам 2020 года мы пачалі займацца палітыкай, і нашыя аўтапрабегі былі ўжо з бел-чырвона-белай сімволікай. Так выйшла, што я патрапіла ў канал «Кіроўцы 97 працэнтаў» і стала адміністратарам канала. Я была практычна адным з заснавальнікаў яго. Канал толькі арганізавалі, можа месяц толькі прайшоў, ці нават менш. І тады быў аформлены адмін-склад. І потым, у 20-ым, за мной прыйшлі, прычым мы ўжо разумелі, што могуць прыйсці, і я ўжо адчувала сачэнне за сабой. Але не надавала гэтаму ніякага значэння. Я ў тэлеграм-чаце, у канале была з адаведнай аватаркай з пашпарта. Каб людзі ведалі, з кім яны размаўляюць, то размясціла фотаздымак з пашпарту.

РР: За гэтую актыўнасць у канале вы і пацярпелі?

Ганна Вішняк: Ну так. Шмат чаго я не магу распавесці, бо сядзяць людзі, камусьці і 20 гадоў далі. Чалавек, якому таксама інкрымінавалі адміністраванне чата, па-ранейшаму сядзіць. І ёй ужо другі раз падоўжылі тэрмін па артыкулу 411.

РР: На жаль, такая сумная тэндэнцыя сёння назіраецца. Распавядзіце, колькі вы ўвогуле правялі ў знаволенні.

Ганна Вішняк: Увогуле трохі меней чым 2,5 гады, бо быў залік за СІЗА.

Цалкам размова:

Ганна Вішняк была асуджана на два з паловай гады калоніі. Нагадаем, што ў Беларусі на сёння палітзняволеннымі прызнана больш за паўтары тысячы чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя