Скварцова выйграла два золаты Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы



Віялета Скварцова стала ўладальніцай двух залатых медалёў адкрытага Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы, які праходзіў у Берасці. У скачках у даўжыню яна паказала вынік 6 м 75 см, апярэдзіўшы на 2 см Настассю Мірончык-Іванову. У трайным скачку Скварцова заваявала золата з вынікам 14 м 40 см. У бегу на 100 м з бар’ерамі першынствавала Эльвіра Грабарэнка – 13,11 сек. Алена Дубіцкая выйграла спаборніцтвы па штурханні ядра – 19 м 22 см. У сектары для скачкоў у вышыню лепшай была Карына Дзямідзік – 1 м 93 см. У мужчынскіх спаборніцтвах па скачках у вышыню бронзавы прызёр такійскай Алімпіяды Максім Недасекаў стаў срэбраным прызёрам, пераадолеўшы планку на вышыні 2 м 23 см. Першае месца заняў Дзмітрый Набокаў, які паказаў вынік 2 м 26 см. Дзмітрый Карпук заваяваў золата ў штурханні ядра – 20 м 66 см, а Аляксандр Шымановіч кінуў молат на 78 м 68 см.

Рэнан Брэсан працягне кар’еру ў бразільскай серыі „В”

Былы паўабаронца зборнай Беларусі зноў мяняе клубную прапіску. На гэты раз 34-гадовы футбаліст ідзе на павышэнне – з бразільскай серыі „D” у серыю „В”. Брэсан атрымаў прапанову ад клуба АБС, дзе ўз’яднаецца з добра знаёмым трэнерам Аланам Аалам, з якім працаваў разам у некалькіх сваіх папярэдніх камандах. Па гэтай прычыне Рэнан папрасіў кіраўніцтва „Эрсіліо Лус” скасаваць кантракт і адпусціць у больш статусны клуб, перадае @bysportby. І працадаўца пайшоў насустрач паўабаронцу. Дарэчы, мінулай ноччу „Эрсіліо Лус” у першым матчы пасля сыходу Брэсана не ўтрымаў перамогу над „Нову-Амбургу” 5:5, хаця вёў па ходу сустрэчы 5:1. АБС ідзе перадапошнім, 19-м, па выніках 17 тураў серыі „В”. Да выратавальнага 16-га радка – 4 ачкі.

Зборная Мексікі адолела каманду Панамы і ў дзявяты раз выйграла Gold Cup

У ЗША адбыўся фінальны матч Залатога Кубка КОНКАКАФ, у якім мексіканцы перамаглі панамцаў з лікам 1:0. Адзіны мяч забіў Сант’яга Хіменэс, які вызначыўся на 88-й хвіліне. Для Мексікі гэта 12-ы тытул турніру. У ЗША 7 Залатых Кубкаў, яшчэ адзін раз выйгравала Канада. Для Панамы гэта быў трэці фінал, яна ўсе прайграла.

Месі афіцыйна стаў гульцом футбольнага клуба „Інтэр Маямі”

Капітан футбольнай зборнай Аргенціны Ліянэль Месі афіцыйна перайшоў з „Пары Сен-Жэрмэн” у „Інтэр Маямі”. Кантракт падпісаны да канца 2025 года. 36-гадовы Месі стаў гульцом амерыканскага клуба на правах свабоднага агента. Паведамляецца таксама, што ён будзе зарабляць каля 60 мільёнаў за кожны сезон. У новым клубе зорны аргенцінец атрымаў футболку з любімым 10-м нумарам. Мінулай ноччу на афіцыйнай прэзентацыі Ліянэля Месі трыбуны хатняй арэны „Інтэр Маямі”, якая змяшчае 18 тысяч гледачоў, былі запоўнены. Разам з аргенцінцам быў прадстаўлены яшчэ адзін навічок – іспанскі паўабаронца Серхіа Бускец, які доўгія гады гуляў разам з Месі ў складзе „Барселоны”. Клуб „Інтэр Маямі” быў заснаваны ў 2018 годзе, адным з яго ўладальнікаў з’яўляецца вядомы англійскі футбаліст Дэвід Бэкхэм. Каманда выступае ў наймацнейшай паўночнаамерыканскай лізе – MLS.

Вандраўшава ўпершыню ўвайшла ў топ-10 рэйтынгу WTA

Пасля перамогі на Уімблдонскім турніры чэшка Маркета Вандраўшава ўпершыню ўвайшла ў першую дзясятку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Перад стартам Уімблдона Вандраўшава займала 42-е месца, а пасля перамогі ў фінале паднялася адразу на 32 радкі. Лепшая з беларусак Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі, Вікторыя Азаранка займае 20-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 64-й пазіцыі. Першае месца засталося за полькай Ігай Свёнтэк. У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) па-ранейшаму лідыруе іспанец Карлас Алькарас, які адолеў у вырашальным паядынку Уімблдона серба Новака Джокавіча. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка займае 92-е месца.

Беларускае Радыё Рацыя