Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа ўдзельнічаў у вывазе ўкраінскіх дзяцей
Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа пацвердзіў удзел арганізацыі ў вывазе дзяцей з Украіны.

Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зняўся ў рэпартажы тэлеканала „Беларусь-1”, дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
На гэта звярнуў увагу сайт Zerkalo.
Падчас папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і з літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Украіне, хаця статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нейтральнымі. У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.