17-гадовага праўнука Якуба Коласа асудзілі за „рэабілітацыю нацызму”
У Менскім абласным судзе вынесены прысуд 17-гадоваму жыхару Стаўбцоўскага раёна Мікіту Брую, якога абвінавацілі ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 130-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК).

Суддзя Вікторыя Палешчук прызначыла хлопцу тры гады пазбаўлення волі з адбываннем у выхаваўчай калоніі.
У лістападзе 2022 года дзяржканалы паведамілі аб затрыманні пецярых удзельнікаў закрытага чата „Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” (СБНШ), прызнанага „экстрэмісцкім фармаваннем”. Адзін з затрыманых – Мікіта — распавёў на камеру, што ўступіў чат па запрашэнні знаёмага, а задачай групы была падрыхтоўка да „будучай партызанскай вайны”.
Мікіта — стрыечны праўнук народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына.