„Кагосьці ламаюць 30 сутак адміністрацыйнай справы, а кагосьці не ламае год турмы ці ШІЗА”



2020 год перавярнуў Беларусь. Жаданне пазбавіцца дыктатара Лукашэнкі было такім вялікім, што аб´яднала народ, які дзясяткамі тысяч выйшаў на вуліцы. Але дыктатар, умацаваўшыся за 26 гадоў, нават і не падумаў сыходзіць і жорстка падавіў мірныя акцыі. Тысячы кінуў за краты. Цяпер пачынаюць вязні вызваляцца, надломленыя псіхалагічна і фізічна, вымушаны эміграваць. Пачалі распадацца сем´і. Аб гэтым трагічным баку    пасля рэвалюцыйных падзей мы пагаварылі з госцяй Беларускага Радыё Рацыя – былой  палітзняволенай Таццянай Астроўскай, якая таксама засталася адна з 6-гадовым сынам на руках.

РР:  Вы прайшлі лукашэнкаўскія засценкі, хай сабе і не надта доўгі шлях, як кажуць, але ўжо можна было пазнаць нашу сістэму. Які чалавек выходзіць з-за кратаў у псіхалагічным плане?

Таццяна Астроўская: Гэта па-рознаму – хтосьці можа выйсці подскокам, хтосьці з вельмі баявым настроем, хтосьці поўнасцю зламаны. Гэта залежыць асабіста ад кожнага, зусім немагчыма сказаць, які ён выйшаў.

Кагосьці ламаюць 30 сутак адміністрацыйнай справы, а кагосьці не ламае год турмы ці ШІЗА.

РР: З якім здароўем выходзяць людзі з-за кратаў, у прыватнасці, вось вы?

Таццяна Астроўская: З ніякім, здароўя няма ад слова зусім. Я да гэтай пары лячу хрыбетнік, ідзе яго рэабілітацыя. Месяцаў восем, напэўна, я гэтым займаюся. Я ўжо шмат разоў казала – здароўя не будзе ў людзей. Таму што без паветра, без свету, без руху зламаецца ў кожнага здароўе – гэта вочы, таму што свет гарыць 24/7, гэта хрыбетнік, таму што ты не выпростваешся альбо не ходзіш столькі, колькі трэба, таму што шпацыр толькі гадзіну ў дзень. Гэта харчаванне і атрыманне медыкаментаў. А зараз забаранілі ўжо шматлікія медыкаменты і вітаміны. Я думаю, што ў тых, хто больш за год адседзеў, то гэта будзе вельмі-вельмі дрэнна. Зубы, косткі, хрыбетнік, вочы, страўнікі. У жанчын першае – гэта гінекалогія, раннія клімаксы. Такі боекамплект – гэта, напэўна, самае малое. І абвастрэнне ўсіх тых балячак, якія ты з сабой прынёс. 

Пра здароўе трэба асобна казаць і казаць заўжды. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць Фонды, якія дапамагаюць. Дай Бог ім усім здароўя!

РР: Наколькі мне стала вядома, яшчэ ў сямейным плане ў шматлікіх тых, хто адседзеў і выйшаў, пачаліся праблемы, распаліся сем’і. Гэта праўда?

Таццяна Астроўская: Так. Распадаюцца сем’і, таму што, напэўна, калі сядзіць мужчына, то жанчына не гатовая быць “дзекабрысткай”, калі сядзіць жанчына – напэўна, не такую жонку ён сабе ўяўляў. Хочацца, напэўна, каб сядзела дома і варыла боршч.

І калі дзяўчына сядзіць доўга, то муж ці сябра проста не вытрымліваюць, гэта ж не заканчваецца проста: выйшаў і забыўся. Гэта доўгая рэабілітацыя, доўгі прыход у сябе – вучыцца жыць па-новаму, вучыцца жыць вось з гэтым, працягваць нейкую дзейнасць. Гэта ўсё не спыняецца. Я не кажу толькі пра сябе, я кажу пра ўсіх, таму што ў мяне ў шматлікіх знаёмых дзяўчат пасыходзілі мужы ці грамадзянскія мужы. Ім становіцца гэта нецікава, не так яны ўяўлялі сабе сямейнае жыццё. Хочацца спакайней, а спакойна ўжо не будзе і як раней ужо не будзе, таму так, распадаюцца.

І не важна дзе, на якой тэрыторыі – у раёне Менску ці калі сышлі ва эвакуацыю і міграцыю. Калі сюды пераязджаюць пары, шматлікіх не спыняе дзейнасць, усё адно ідзе накіраванасць на Менск, на Беларусь, на палітзняволеных, на нейкую далейшую барацьбу. А гэта ўжо не хочацца камусьці альбо ўжо надакучыла, людзі стамляюцца, тры гады ўжо. Таму так, сыходзяць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З Таццянай Астроўскай размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч