Пра акрэдытацыю для фітнес-трэнераў



Беларуская дзяржава ўзялася за фітнес-трэнераў. Цяпер нават ім давядзецца мець акрэдытацыю. Калі так далей пойдзе, то акрэдытацыю будуць патрабаваць нават на мыццё посуду ў сябе дома на ўласнай жа кухні. Ну, і самае галоўнае, з’явілася патрабаванне, каб у фітнес-залі віселі афіцыйныя сімвалы. Сапраўды, без лукашысцкага чырвона-зялёнага сцяга прэс жа не качаецца.

Савет Міністраў, як заўжды, адзначыўся пастановай, якая робіць жыццё беларусаў горш. Можна хутка цэлы конкурс арганізоўваць: на найлепшую пастанову, якая ўскладніць жыццё народу. З Беларусі з’ехалі многія лекары. Добрага адваката трэба вельмі доўга шукаць. Цяпер чарга дайшла да фітнес-трэнераў. Згодна з пастановай Савета Міністраў, для фітнес-трэнераў цяпер патрэбная акрэдытацыя. У іх мусіць быць адмысловая сярэдняя спецыяльная ці вышэйшая адукацыя. А самае галоўнае, не павінна быць судзімасці за непаважлівае стаўлененне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў ды дзяржаўных сімвалаў РБ і канстытуцыйнага ладу.

Як вы зразумелі, усе гэтыя патрабаванні вымусяць сысці з прафесіі многіх фітнес-трэнераў. А гэта ў сваю чаргу падвысіць кошты на фітнес-паслугі. Давайце падзякуем Савету Міністраў, што яны клапоцяцца пра здароўе беларусаў, многія з якіх цяпер не змогуць дазволіць сабе фітнес. Сапраўды, а навошта беларусам гэты фітнес? Няхай замест трэніровак лепей беларускае тэлебачанне глядзяць, каб лішніх пытанняў не задавалі. А тое прэсы свае накачаюць, а потым пратэставаць выходзяць.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя