75-гадовага Барыса Хамайду затрымалі за вокладку пашпарта



75-гадовага віцебскага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за вокладку пашпарта, паведамляе “Наша ніва”.

Паводле інфармацыі выдання, учора мужчына ехаў у Бігосава і хацеў далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцу Верхнядзвінскага раёна. Там праходзяць урачыстасці да 80-й гадавіны мучанікаў Другой сусветнай вайны, блажэнных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

Бігосава — гэта апошні чыгуначны прыпынак на беларускім памежжы з Латвіяй, побач знаходзіцца пункт пропуску «Грыгароўшчына — Патэрніекі».

«Наколькі вядома, затрымалі яго памежнікі – Росіца знаходзіцца недалёка ад латвійскай мяжы, таму там бываюць патрулі, якія просяць паказаць дакументы. Памежнікі хадзілі па дызелі, правяралі пашпарты. Убачылі, што ў Хамайды вокладка з «Пагоняй». Спачатку пагаварылі на агульныя тэмы. А калі выйшлі ў Бігосава на перон, дагналі Хамайду і затрымалі», – піша «Наша ніва».

Паведамляецца, што мужчыну завезлі ў Верхнядзвінск.