“Аўтар фільма ад DELFI падставіў людзей у Беларусі”



Ужо тыдзень працягваецца абмеркаванне дакументальнага фільма ад літоўскай рэдакцыі выдання DELFI пра пратэсты 2020 года ў Беларусі.

Беларус Васіль, што жыве зараз у Грузіі, знайшоў сябе на кадрах у фільме і лічыць, што аўтар фільму зрабіў вялікую памылку, калі выклаў яго ў інтэрнэт:

Я пазнаў сябе, і я ў бяспечным месцы, то бок для мяне гэта не мае такога … Але я таксама пазнаў там сваіх сяброў, і не аднаго, і яны ў Менску. Вось гэта мяне турбуе. Не варта было гэта рабіць. Можна было, там ёсць першая частка, дзе падзеі на “Рызе”, на гэтым скончыць, бо там больш-менш заблюраныя твары. Тое, што далей, – я не разумею, навошта гэта было рабіць.

Па словах другога беларуса Міколы, аўтары фільма выклалі яго на нейкім хайпе, не падумаўшы пра лёсы людзей:

Трыгернула тое, што людзі, не падумаўшы, падставілі кучу соцень людзей. Усім было вядома, што па тварах усіх вылічваюць, саджаюць у турму. Узялі і апублікавалі, нават ні з кім не параіліся. Ці хацелі хайпануць, ці ўсё разам.

За апошнія сем дзён пасля з’яўлення гэтага фільма у некалькі разоў павялічылася колькасць беларусаў, якія звяртаюцца да Андрэя Стрыжака па эвакуацыю з Беларусі, а ў самой Беларусі ГУБАЗіК распачаў сапраўднае паляванне на людзей, якіх можна пазнаць на кадрах з гэтага фільма.

Беларускае Радыё Рацыя