За ліпень у лясах краіны заблукалі 49 грамадзян
За ліпень у лясах краіны заблукала 49 грамадзянаў, паведамляюць ратавальнікі.

У двух выпадках пакуль няма аніякага выніку. У Столінскім раёне 75-гадовую пенсіянерку ўжо шукаюць месяц, а пад Заслаўем пошукі 70-гадовага мясцовага жыхара трываюць тыдзень. Пераважна губляюцца асобы сталага веку, бывае нават цэлымі групамі.
Як адзначае ратавальнік, прычына такіх здарэнняў фактычна адна:
– Прычына напэўна ў пераацэнцы сваіх сілаў і магчымасцяў. Многія людзі ідуць у лес не маючы элементарнай падрыхтоўкі. Неаднаразова рэкамендавалася ўзяць з сабой трохі вады, можа быць нейкі невялікі запас ежы. Трэба разумець, што ідучы ў лес, там можна застацца дастаткова на доўга. Збор грыбоў занятак даволі захапляльны і калі вы не прызвычаеныя да лесу, не зусім ведаеце мясцовасць, то ў лесе вельмі лёгка заблукаць.
Галоўная рэкамендацыя ад ратавальнікаў для тых, хто збіраецца ў лес – браць з сабой мабільны тэлефон і паведамляць блізкім людзям, прыблізнае месца паходу.
Беларускае Радыё Рацыя