Спявачку Патрыцыю Свіціну асудзілі да 2,5 гадоў „хатняй хіміі”
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 2 жніўня паводле „народнага” артыкула 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі спявачку Патрыцыю Свіціну.

Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла ёй два гады і шэсць месяцаў „хатняй хіміі”. Пад вартай спявачку ўтрымлівалі два з паловай месяцы, а пасля абвяшчэння прысуду вызвалі ў зале суда.
«Пакаяльнае відэа» з дзяўчынай з’явілася 18 траўня. На ім дзяўчына расказвала, што «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны „перакрывала рух транспарту”. Таксама яна казала, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб „спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі”.
Патрыцыя — спявачка, якая з’яўлялася лаўрэаткай стыпендыі Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.