Як не стаць ахвярай гандлю людзьмі?
Міжнародная арганізацыя па міграцыі паведаміла, што за перыяд з 2002 па 2022 год яна дапамагла амаль 4 тысячам грамадзянам Беларусі, якія сталі ахвяраю гандлю людзьмі. Перадусім беларусы прайшлі праз усебаковую рэабілітацыю, атрымалі прававую дапамогу, змаглі вярнуцца да звыклага ладу жыцця.

Па словах псіхолага, асобы, якія займаюцца такім злачынным бізнесам – вельмі добра разбіраюцца ў людзях:
– У гэтым бізнесе працуюць, скажам так, дастаткова добрыя псіхолагі. Калі ў чалавека ёсць цвёрдая пазіцыя і ён скажа гэтаму чалавеку не, то да такога чалавека другі раз не падыходзяць. Падыходзяць да тых людзей, якія сумняюцца, якія ў патрэбе, якія не доўга думаючы кажуць: „Так, згодны”.
Паводле Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, у 40% людзі трапляюць у працоўны палон, столькі ж і ў сексуальны. Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, часцей за ўсё беларусаў выцягваюць па падманных схемах у Расею, Малдову, Балгарыю і краіны Блізкага Усходу.
Беларускае Радыё Рацыя