Айцец Георгі Рой: Гэты крок быў выкліканы і маімі перакананнямі



Госць Рацыі — айцец Георгі Рой, клірык Усяленскага патрыярхату, святар Віленскай беларускай грамады. З ім гутарыў Улад Грынеўскі.

РР: Усяленскі патрыярхат. Варта прыгадаць гэтую гісторыю. Як адбыўся гэты пераход з Маскоўскага патрыярхату?

Айцец Георгі Рой: Што тычыцца маёй гісторыі, пераходу ў Канстанцінопальскую царкву. Гэта было выклікана і маімі перакананнямі. Апошнія гады мне было надта цяжка — і псіхалагічна, і духоўна — быць свяшчэннікам Рускай праваслаўнай царкавы. Бо занадта многа было прапаганды, дарэчы і палітычнай прапаганды праз палітычныя структуры. Вось такія наратывы ідэалогіі рускага свету. І я разумеў, што гэта шкодзіць і нашай беларускай культуры, і нашаму беларускаму народу. І атрымоўваецца, хочаш не хочаш, ты ў гэтай структуры, якая па сутнасці шкодзіць твайму народу, тваёй культуры. Канешне, гэта і асабістая гісторыя, і гісторыя таго, што адбывалася ў 2020 годзе, і пасля 20-га года, і пасля пачатку вайны.

Я выступаў з крытыкай усіх гэтых злоўжыванняў, і злачынстваў. І атмасфера вакол мяне ў Беларусі была досыць небяспечная і неспакойная. І ўрэшце рэшт мы вырашылі з’язджаць. Я спачатку думаў, што буду служыць дзесьці ў Германіі. Але потым у Вільні мы сустрэліся з нашымі людзьмі, беларусамі, якія фактычна сказалі так: куды ты паедзеш, у якую Германію, калі мы тут і нам патрэбны свяшчэннік, мы чакаем, каб у нас быў свой свяшчэннік.

І як раз, незадоўга да таго, як мы эмігравалі сям’ёй, у Вільні быў патрыярх Варфаламей, Канстанцінопальскі і Усяленскі патрыярх, і стварылася структура Канстанцінопальскага патрыярхату. То бок, Канстацінопаль аднавіў сваю юрысдыкцыю над гэтай тэрыторыяй. І ён мае поўнае гістарычнае і кананічнае права на гэта. І я напісаў прашэнне на імя патрыярха Варфаламея. І літаральна за некалькі дзён я быў прыняты як свяшчэннік Усяленскага патрыярхату. І цяпер я здзяйсняю служэнне ў Віленскай праваслаўнай грамадзе – беларускай і ўкраінскай. Я на дзве грамады служу. Бо няма яшчэ свяшчэнніка ўкраінца. І так у мяне атрымліваецца – адна літургія ў беларускай грамадзе, другая – ва ўкраінскай.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя