Аляксандр Пануца: Мне хацелася змяніць лёс нашай краіны і будучыню для маіх дзяцей



У жніўні 2020 года пратэсты ахапілі не толькі сталіцу і абласныя гарады Беларусі, але раённыя цэнтры і нават вёскі. Што адбывалася ў Гомелі ў жніўні 2020 года? Як выглядаў горад над Сожам на фоне іншых гарадоў? Якім было самае яркае ўражанне ад масавых выступленняў грамадзян? Пра гэта і іншае разважае былы вайсковец з Гомеля Аляксандр Пануца ў гутарцы з Міколам Бянько.

РР: Якім у памяці ў вас застаўся жнівень 2020 года ў Гомелі?

Аляксандр Пануца: Жнівень 2020 года для мяне ў памяці, першая яго частка, пазітыўная, я бачыў, як людзі прачынаюцца, я бачыў як людзі аб’ядноўваюцца. На перадвыбарных пікетах які настрой у людзей быў. Людзі былі гатовыя штосьці змяніць. Людзі хацелі штосьці змяніць. Яны пачалі выходзіць. Прачнуліся, як мне здавалася тады, усе людзі, якім раней не было справы да таго, што адбываецца ў краіне, ад простага рабацягі, да бізнесменаў, даволі буйных бізнесменаў, якія прымалі ўдзел у тым, каб змяніць гэтую незаконную ўладу ў Беларусі, каб змяніць лёс нашых дзяцей, каб змяніць лёс нашай краіны. Першая частка да 9-га жніўня была вельмі яскравай і пазітыўнай. Пасля 9-га, калі людзей пачалі збіваць, забіваць, гэта на ўсё жыццё застанецца ў маёй памяці такі драматычны момант.

РР: Чаму і як вы ўдзельнічалі ў пратэстах?

Аляксандр Пануца: Свой апазіцыйны шлях я пачаў у 2012 годзе. І таму прыманне майго ўдзелу ў гэтым пратэсце – гэта ўжо было як частка майго жыцця. Чаму ўдзельнічаў? Таму што я не бачыў лёс сваёй краіны, калі гэту краіну ўзначальвае такі чалавек, як Лукашэнка. Я катэгарычна супраць таго, што ён робіць, я бачу, як наша краіна магла б развівацца, я быў у многіх краінах Захаду, у ЗША і таму я разумею, што наша краіна багатая на добрых людзей, багатая на рэсурсы, на землі і яна павінна жыць іншым жыццём, а не такім як на дадзены момант. Людзей прымушаюць рабіць тое, што яны не хочуць, выпускаюць дурныя законы, знішчаюць эканоміку. Тыя людзі, якія руляць нашай краінай, яны ніякага розуму для таго, каб кіраваць цэлай краінай, не маюць. І таму мне хацелася супрацьстаяць таму беззаконню, якое існуе ў нашай дзяржаве, якое забівае людзей, знішчае людзей, забірае ўсе іх правы. Мне хацелася змяніць лёс нашай краіны і будучыню для маіх дзяцей у тым ліку.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя