На «Нафтане» не спыняюцца звальненні за палітыку



Стала вядома пра звальненне яшчэ трох працаўнікоў заводаў «Нафтан» і «Палімір». Адбылося гэта каля двух тыдняў таму.

Усіх звольненых абвінавацілі ў падпісцы на пратэсныя каналы завода.

Таксама стала вядома, што існуе канал, які вядзе нехта з адміністрацыі завода, дзе публікуюцца «ганебныя спісы» затрыманых і звольненых за падпіскі на незалежныя медыя. Пазначаюцца поўныя звесткі гэтых людзей, а таксама публікуюцца відэа з імі, узятыя з каналаў ГУБАЗіК.

Уласна ў гэтым канале і паведамілі пра новыя звальненні.

Былы працаўнік «Нафтана» і стачкамавец Аляксандр Сакалоў кажа, што дакладна не вядома, хто вядзе такі каналы. Гэта можа быць як рэдакцыя газеты «Веснік Нафтана», гэтак і ідэолагі завода і нават спецслужбы.

«На заводзе кіруюць кадэбісты. Кіраўніцтва ніжэйшага ўзроўню выконвае загады, а кіраўнікі завода, прынамсі, частка з іх, не супраць такіх мераў, нават за. У кіраўніцтве асабліва праславіўся тым, што спрыяе звальненню нязгодных, галоўны інжынер прадпрыемства Юрый Крывач», — кажа Аляксандр.

Нагадаем, у сярэдзіне мая адбылася вялікая аблава на працаўнікоў «Нафтана» і «Паліміра». Па яе выніках былі пакараныя і звольненыя 16 чалавек. Большую частку людзей судзіла сумнавядомая Зінаіда Балаболава, якая нядаўна патрапіла пад санкцыі ЕЗ.

nashaniva.com