Юрась Дзяшук: Гэта было вельмі цікава. Такі драйв быў



9 жніўня – тры гады, як пачаліся буйныя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. У дзясятках гарадоў Еўропы і свету сёння прайшлі акцыі, прысвечаныя гэтым падзеям. Вільня, Варшава, Прага, Берлін, Брусэль, Чыкага, Нью Ёрк.

Госць Рацыі — журналіст Юрась Дзяшук.

РР: Памятаеш гэтыя дні — дзень выбараў і першыя дні пасля выбараў? Дзе яны цябе заспелі?

Юрась Дзяшук: Гэтыя дні сёння пракручваюцца ў галаве амаль па хвілінах. Я 9 жніўня быў у сваёй Бярозаўцы. Я мусіў быць назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Але мяне ў першы дзень датэрміновага галасавання выдалілі з участка. І я проста адсочваў сітуацыю ў горадзе. Якія людзі ішлі галасаваць, з якім настроем. Запісваў усё гэта.

РР: Неяк адрозніваўся гэты дзень у Бярозаўцы ад ранейшых? Бо гэта ж не першыя выбары за якімі ты назіраў.

Юрась Дзяшук: Гэта было падобна на свята. Мінулыя выбары праходзілі ціха, вяла, спакойна. А 9 жніўня я прачнуўся ад таго, што з раніцы нехта выставіў у суседнім доме на калонках песню Віктара Цоя «Перемен». І музыка грала на ўвесь двор. У тога чалавека спынілася, і нехта іншы падхапіў. Потым я выставіў свае калонкі. Такое было суцэльнае свята. Было відаць, як людзі да 12-ай гадзіны ішлі сем’ямі на выбарчыя ўчасткі. Многія жанчыны былі ў белых сукенках. У людзей на руках былі белыя браслеты.

РР: Гэта быў так знак, што галасуем не за Лукашэнку.

Юрась Дзяшук: Так, такі знак. І было відаць, што такіх людзей было шмат. Усе віталіся. Мяне ў горадзе ведаюць. І калі я выйшаў у горад, мяне шмат людзей спынялі і пыталіся: Юра, ну што, можа быць у гэтым годзе мы пераможам? Я адказваў: Не ведаю, вельмі спадзяюся, але пакуль ніякіх прагнозаў рабіць не магу. Увесь дзень быў нейкі мандраж. Мы збіраліся некалькі разоў у Андрэя Ашурка на падворку, пілі каву і абмяркоўвалі, што будзем рабіць пры розных сітуацыях. Гэта было вельмі цікава. Такі драйв быў.

Цалкам размова:

Рэпартаж пра 9 жніўня 2020 года.

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя