Пра небяспечную англійскую каралеву



У беларускіх школах загадалі прыбраць сімволіку, звязаную з Вялікабрытаніяй і ЗША. З кабінетаў англійскай мовы мусяць знікнуць любыя згадкі пра манархаў Вялікабрытаніі, партрэты ЗША, сцяг Брытаніі і нават аўтобус і Біг-Бэн.

Фота: wikipedia.org

Такое адчуванне, калі вучні на гэта паглядзяць і адразу пабягуць на акцыі пратэсту. Перакананая, калі б саміведаецехто ведаў англійскую мову, то ягоны партрэт прымусілі б павесіць у класах як чалавека, які ведае англійскую лепей за каралеву Елізавету ІІ. А ўвогуле, вось паглядзяць вучні на сцяг Вялікабрытаніі і зразумеюць, што ён больш густоўны, чым чырвона-зялёны. Ці паглядзяць на лонданскі аўтобус і зразумеюць, што гэта не мазаўскія аўтобусы, якія да таго ж яшчэ перыядычна загараюцца ў суседняй дзяржаве. 

Як паведамляюць адукацыйныя тэлеграм-каналы, сімволіку і наглядныя матэрыялы на тэму “Велікабрытанія” загадалі прыбраць з класаў, каб данесці, што англійская і нямецкая мова – гэта толькі мовы міжнародных зносін. І ніякіх каб не было сувязяў з Біг-Бэнам ці яшчэ чым. Гэта ж такая небяспека для дзяржавы, калі ў класе вісіць партрэт каралевы Велікабрытаніі Елізаветы ІІ. Ну ўсё, засталося яшчэ Гары Потэры забараніць, каб дзеці не думалі, што Валан-дэ-Морта можна перамагчы.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя