Уладзімір Лапцэвіч: Магчыма ў нас быў шанец перамагчы



Тры гады таму адбыліся лёсавызначальныя падзеі ў жыцці Беларусі і беларускага народа. У розных гарадах і мястэчках краіны мы назіралі нацыянальны ўздым і надзею на хуткія перамены. Пра падзеі жніўня 2020 года ў абласным горадзе Магілёве мы пагаворылі з нашым сённяшнім госцем.

Госць Рацыі – сябра прававога цэнтра Беларускай асацыяцыі журналістаў, карэспандэнт у Беластоку Радыё Ўнэт Уладзімір Лапцэвіч.

РР: Будзем размаўляць пра падзеі 2020 года, ад 9 жніўня і далей. Паколькі вы былі непасрэдным сведкам і ўдзельнікам гэтых падзеяў. Шмат што перажылі асабіста. На той момант, калі вярнуцца да дня выбараў 9 жніўня 2020 года – вы гэты дзень сустрэлі за кратамі.

Уладзімір Лапцэвіч: Ну так. Я той дзень сустрэў за кратамі, бо з вечара 5 жніўня я ўжо быў затрыманы. А затрыманы быў з той нагоды, што нашага сябра БАЖ, журналіста Алеся Буракова затрымалі ў Магілёве. Потым яго адвезлі ў Ленінскі РАУС. І я, як сябра прававога цэнтра БАЖ, мусіў ведаць пра ягоны лёс. Я падыйшоў да таго Ленінскага РАУС, і праз некаторы час мяне таксама затрымалі, збілі. Пасля таго я заявіў у ізалятары, што ў мяне баліць галава. Мяне павезлі ў гарадскую бальніцу. Потым, праз некаторы час, адбылося судовае медыцынскае абследаванне. Гэта такая мая ўжо асабістая гісторыя. Сэнс у тым, што я абвясціў галадоўку. І адразу паведаміў усім супрацоўнікам, што калі да вас прыйдуць людзі з выбарчымі скрынкамі, калі ласка, не турбуйце мяне, бо я галасаваць не пайду. Але яны маю просьбу праігнаравалі. І 9 жніўня павялі мяне ўздоўж калідора, дзе яны ўсе стаялі ў такім святочны ўбранні, у белых кашулях, павялі галасаваць. Сказалі: «Вам предоставляется права проголосовать на выборах президента Республики Беларусь. Вы будете голосовать?» Я на гэта адказаў, што не. Гэта было адзінае, што ў мяне адбылося 9 жніўня з больш менш заўважнага. Бо ўсе папярэднія дні былі аднолькавыя.

РР: І колькі вы часу правялі ў пастарунку?

Уладзімір Лапцэвіч: Мяне выпусцілі 15 жніўня, позна ўвечары. Пасля 10 жніўня ў ізалятары адбывалася нешта неверагоднае. Па-першае, спынілася трансляцыя радыё, якое было ў камеры. Дарэчы адзначу, я ў камеры сядзеў адзін. Мяне чамусьці аднаго трымалі. Можа як якога вельмі небяспечнага.

РР: Відаць, каб экстрэмізм не распаўсюджвалі.

Уладзімір Лапцэвіч: Напэўна. Замаўчала радыё. Спыніліся шторанішнія шмоны. І гэта было вельмі дзіўна. Ужо па гэтым можна было меркаваць, што адбываецца нешта не тое, што звычайна адбывалася. А потым пачалася нейкая валтузня. Нейкі шум на калідорах. Было ўсё гэта чуваць. І праз вакно я бачыў, як людзей прыводзяць, уводзяць. Як пад’язджалі аўтазакі. Адтуль выходзілі людзі з пакетамі з уласнымі рэчамі. Потым я бачыў праз шкло, як стаяў звычайны гарадскі аўтобус і ў ім сядзелі звычайныя дэпээснікі. І гэтыя звычайныя дэпээснікі пераапраналіся ў амапаўцаў. З гэта я раблю выснову з таго, што потым адбывалася ў Магілёве, гэта не ўсе былі амапаўцы, якія збівалі людзей. А гэта былі звычайныя міліцыянеры, у тым ліку супрацоўнікі ДАІ, якіх пераапраналі. Ну а самае цікавае было, напэўна, недзе чысла 13-14-га. Калі пачалася мімалётная адліга і я чуў, як людзі, якія стаялі пад брамай ізалятара, крычалі «Выпускай, выпускай!». Такім чынам праходзіў мой першы паслявыбарны тыдзень.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя