Тры гады арганізацыі BYSOL: партыя „Сябры”



Дзень пачаў з таго, што я зрабіў грашовую падпіску на BYSOL. Гэтая арганізацыя дапамагла мне эвакуявацца спачатку з РБ, а пасля з РФ, і я ведаю на колькі філігранная гэтая праца па вызваленні людзей з пасткі лукашыстаў.

Ілюстрацыйнае фота.

На трохгоддзе арганізацыі BYSOL я прапаную паразважаць пра беларускую салідарнасць.

А вы ведалі, што словы «сябар» і «друг» толькі некалькі дзесяцігоддзяў як ператварыліся ў сінонімы? Раней «друг» – было пра эмоцыю, а «сябар» – пра рацыянальнае.

Сябры – гэта людзі, якія аб’яднаныя агульным інтарэсам. Добрасуседскія адносіны – сяброўскія. Супольны бізнесовы інтарэс – сяброўства. Агульны ідэалагічны кірунак – сяброўскі. Адсюль не «член» на расейскі манер, а «сябар» палітычнай партыі.

То бок, салідарнасць і сяброўства прынцыпова тое самае.

Калі ўкраінцы паўжартам называюць беларусаў сябрамі, яны нават не ведаюць на колькі блізкія да праўды.

Беларусы ніколі не будуць сябрамі з лукашыстамі. Хоць тэарэтычна лукашыст можа пакаяцца, і ўвайсці ў шэрагі сяброў – беларусаў.

Вось што піша ў сваім экаўнце ў фэйсбуку заснавальнік і ачольнік BYSOL Андрэй Стрыжак: «BYSOL – гэта не проста арганізацыя якая дапамагае людзям, гэта частка філасофіі Новай Беларусі, у якой узаемадапамога, дабрачыннасць і адкрытасць да праблемаў суседа ёсць нормай і рухавіком грамадскіх працэсаў. Нашай з вамі нормай, сябры».

Так, «сябры». Не прыяцелі, не дружбаны, а адзінадумцы і паплечнікі.

Ёсць такая партыя – Сябры.

Андрэй Стрыжак піша пра дзясяткі валанцёраў і дзясяткі тысяч людзей, якія рэгулярна падтрымліваюць грашыма сваіх суайчыннікаў, якія апынуліся ў бядзе праз палітычны пераслед.

Нядаўна па тэме беларускай салідарнасці ў сацсетках была дыскусія пра тое, што такое «шмат» і што такое «мала».

Месяц з лішкам таму ў сеціве адбыўся марафон салідарнасці з палітычнымі зняволенымі беларусамі. Людзі сабралі каля шасцісот тысяч еўра, альбо ў эквіваленце каля сямі ста тысяч даляраў.

Хтосьці падлічыў, што ў сярэднім грошы ахвяравалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Адныя галасы – гэта так мала, бо за мяжой сотні тысяч беларусаў!

Іншыя – затое гэтыя не сотні, а дзясяткі тысяч, – устойлівая супольнасць, якая дзейнічае сістэмна.

Я больш скажу, далёка не ўсе вымушаныя эмігранты ўмеюць заданаціць свае ўмоўныя пяць еўра. А некаторыя жывуць больш, чым сціпла, шукаючы сябе ў новых рэаліях.

Таму тыя некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, названых вышэй, – гэта сябры. 

А BYSOL – адзін з рухавікоў стварэння беларускай партыі салідарнасці. Партыі Сяброў.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя