Пра небяспечныя шкарпэткі
Чаго толькі не ўбачаць прапагандысты небяспечнага ў рэчах, якія вакол. І дзе толькі яны не заўважаць прапаганду ЛГБТ і ці яшчэ чаго, што прапагандыстам не даспадобы. Калі далей так пойдзе, то хутка пачнуць скардзіцца на звычайную вясёлку на небе і забароняць вывучаць дысперсію святла на ўроках фізікі.

Інфаказачка Бондарава гэтым разам прычапілася да этыкеткі шкарпэтак беларускага вытворцы “Чобат”. Прапагандыстцы не спадабалася, што на дзіцячай лінейцы тавараў знаходзіцца выява адзінарога, у якога валасы – колеру вясёлкі. На думку Бондаравай, гэта прапаганда ЛГБТ. Як казалі раней дзеці, у каго што баліць, той пра тое і гаворыць. Як можна было ўбачыць у досыць мілым малюнку адзінарога штосьці акрамя мілага адзінарога – незразумела. Толькі не гаварыце ёй пра дзіцячы мультфільм “My little pony”, у якім поні самых розных колераў, у тым ліку, і ў колерах вясёлкі, і ў ружовых. А яшчэ там вясёлка ёсць. Глядзіш, хутка Бондарава заявіць, што колеры спектру – гэта таксама прапаганда ЛГБТ. А самае страшнае, што знойдуцца чыноўнікі, які спалохаюцца Бондаравай і шкарпэткі сапраўды забароняць у продажы. Хаця найлепшым рашэннем у дадзенай сітуацыі было б забараніць саму Бондараву.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя