Беларус ва Украіне: Адчуванне вайны ёсць заўсёды, ад яго нікуды не дзенешся



Вайна адчуваецца штодня, ад гэтага анікуды не збегчы. Такой думкі прытрымліваецца наш сённяшні Госць Рацыі, экс-кандыдат у Палату Прадстаўнікоў 2019 года. Маладзечанскі раённы каардынатар „Рух За Свабоду“, грамадскі актывіст, што цяпер жыве ў Львове, Валянцін Цішко. У гутарцы з Алісай Поль ён расказаў пра тое, што за апошнія месяцы змянілася ў настроях людзей, а таксама якім чынам ідзе цяпер рыхтаванне да восені і зімы:

– Я, як і раней, на Захадзе, у Львове. Адчуванне вайны ёсць заўсёды, ад яго анікуды не дзенешся, гэта і вайсковыя ў горадзе, каторыя прыехалі ці то ў адпачынак, ці то на службе тут цяпер; гэта і каменданцкая гадзіна; ну і лысы дзядзька з суседняй краіны не дае забыцца, што ідзе вайна, бо перыядычна гучаць сірэны паветранай трывогі.

РР: Ці маглі б вы параўнаць жнівень да ліпеня або да чэрвеня. Што змяняецца, ці ёсць нейкая дынаміка?

– Калі сачыць за навінамі, то ёсць дынаміка ў контрнаступе, у прасоўванні ўкраінскіх войскаў, адбываецца дэакупацыя пэўных частак украінскіх земляў. Калі глядзець на нейкія сацыяльныя пытанні, то таксама ёсць змены ў лепшы бок. Ёсць нейкія спрэчныя моманты, напрыклад, перагібы на месцах з ваенкаматамі, напалову законныя ўручэнні позваў каля ўваходу ў крамы ці на парозе царквы. Ужо некалькі месяцаў пра гэта шуміць інтэрнэт, грамадства. Нарэшце, з’явілася афіцыйная рэакцыя прэзідэнта, галоўнакамандуючага: звольнілі ўсіх абласных вайсковых камісараў. Дынаміка ёсць, усё рухаецца.

Вайна ва Украіне не сціхае вось ужо 539-ты дзень. Зараз ідзе спраўджванне гатоўнасці да новага навучальнага году адукацыйных аб’ектаў, а таксама правяраецца гатоўнасць энергетычнай інфраструктуры да імаверных адключэнняў з прычыны атакаў з расейскага боку па прыкладу мінулага году.

Беларускае Радыё Рацыя