Павел Мажэйка падаў апеляцыйную скаргу на свой прысуд



Журналіст Павел Мажэйка падаў апеляцыйную скаргу на свой прысуд. Паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Вярхоўны суд мусіць вырашыць, ці правамерна журналісту прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў справе, якая, паводле праваабаронцаў, „шытая белымі ніткамі”. На сёння Паўла Мажэйку ўтрымліваюць ў следчым ізалятары пры гарадзенскай турме № 1.

Нагадаем, 26 ліпеня Гарадзенскі абласны суд вынес прысуд журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку і былой адвакатцы Юліі Юргілевіч.

Максім Філатаў прысудзіў Паўлу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юліі — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрасіў пракурор Дзмітрый Сініла.

Паўла і Юлію  абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу „Белсат” у лютым–сакавіку 2022 года, што расцанілі як „спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці”. У справе няма ніякіх прамых доказаў віны, а такія жорсткія тэрміны былі прысуджаныя на падставе двух званкоў па тэлефоне.

Суддзя Філатаў — рэкардсмен па палітычных прысудах. Менавіта ён прызначыў 5 гадоў калоніі грамадскаму актывісту Вітольду Ашурку, вынес прысуды ад 2,5 да 25 гадоў калоніі фігурантам „справы Аўтуховіча”.

Беларускае Радыё Рацыя