Да 8 гадоў зняволення
Палітвязень Арцём Лябедзька называе незразумелымі абвінавачванні, якія яму выстаўляюцца. Так у Менску праходзіць суд над сынам вядомага палітыка Анатоля Лябедзькі. Згодна з матэрыяламі справы, Лябедзька-малодшы пераводзіў грошы ў тры неназваныя арганізацыі, якія пасля прызналі «экстрэмісцкімі».

Палітык Анатоль Лябедзька, каментуючы справу, прыгадвае, што ў Беларусі няма суду, там улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі зліквідавалі судовую сістэму і ператварылі яе ў палітычны пераслед.
– Не даводзіцца нават казаць пра суд. Каб быў суд, то не было б нават гэтай злепленай з невядома з чаго судовай справы. Таму што судзяць, гэта не толькі датычна майго сына, людзей за міласэрнасць, за тое, што яны працягваюць руку дапамогі тым, каму трэба дапамагаць. Таму што тыя данаты, калі яны былі ў 2020 годзе, і былі скіраваныя на дапамогу тым, хто трапіў у лякарні – гэта чыста палітычная справа. Я думаю, галоўная задача ўлады, каб беларусы перасталі падтрымліваць адзін аднаго.
Арцёма Лябедзьку вінавацяць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Як паведамляе «Вясна», працэс у Менскім гарадскім судзе вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.
Сыну палітыка пагражае да 8 гадоў зняволення. Арцёма Лябедзьку затрымалі ў сакавіку. Двойчы яму прызначылі 15 сутак арышту, а пасля выставілі абвінавачванне паводле крымінальнага артыкула. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.
Беларускае Радыё Рацыя