За пікет і «распаўсюд экстрэмізму» арыштавалі наваполацкую прадпрымальніцу
Суддзя суда Наваполацка Сняжана Калінічэнка пастанавіла арыштаваць на 20 сутак мясцовую прадпрымальніцу і ўладальніцу Студыі касцюміраванай выявы MAGIC WOOD Алену Зуброву.

На думку суддзі, яна правяла ў сацыяльных сетках недазволены ўладамі пікет і віртуальна распаўсюдзіла «экстрэмісцкія» матэрыялы. У судзе былі агучаныя доказы таго, што Зуброва нібыта на сваёй персанальнай старонцы ў сетцы Facebook мела спасылку на канал «Радыё Свабода». Там жа прысутнічала выява паходні аранжавага колеру, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.Таксама па версіі суда Алена правяла без дазволу Наваполацкага гарвыканкама пікет у Facebook, які складаўся ў тым, што яна змясціла ў сацсетцы сваю фатаграфію на фоне сіне-жоўтага сцяга Украіны.
Жанчына ў судовым паседжанні віну не прызнала, але не адмаўляла таго, што мае ў Facebook сваю старонку, якую выкарыстоўвае для зносін і абмену фатаграфіямі, піша «Віцебская Вясна».