Айцішніка, затрыманага пасля атакі на самалёт у Мачулішчах, абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве



14 верасня ў Берасцейскім абласным судзе пачнецца працэс па справе Зміцера Мастовага. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, пазначана ў раскладзе суда. Яму пагражае да 15 гадоў.

Дзмітрый Маставой – айцішнік, якога затрымалі пасля атакі на расейскі самалёт А-50 з сістэмай далёкага радыёлакацыйнага выяўлення на аэрадроме ў Мачулішчах. На дзяржаўным тэлебачанні заявілі, што Маставы арганізаваў анлайн-трансляцыю з аэрадрома, які знаходзіўся непадалёк ад яго дома. Сцвярджалася, што ён падключыў ноўтбук і вёў трансляцыю праз скайп для «Беларускага Гаюна». Затрымалі яго, калі ён нібыта забіраў камеру са схованкі. «Гаюн» заявіў «Люстэрку», што Маставы не вёў для іх трансляцыю.