Журналіст Дзяніс Дашкевіч адмовіўся ад беларускага грамадзянства
Журналіст Дзяніс Дашкевіч адмовіўся ад беларускага грамадзянства. Адпаведны ліст ён адправіў у МЗС Беларусі.

Цытата: „У сувязі з непераадольнымі абставінамі я вымушаны аб’явіць аб закрыцці ўсіх сваіх праектаў, якія звязаныя з Беларуссю, уключаючы заснаванае ў 2011 годзе мной выданне „Рогачёв онлайн”. Таксама я накіраваў афіцыйны ліст на адрас адміністрацыі самаабвешчанага прэзідэнта аб адмове ад усіх дзяржаўных узнагарод і званняў. МЗС Беларусі атрымала мой запыт аб адмове ад беларускага грамадзянства. Я не хачу больш нічога мець агульнага са сваёй былой краінай. Буду спрабаваць рэалізаваць свае ідэі ў новай краіне”.
Дзяніс Дашкевіч — актывіст партыі БХД і былы дырэктар рагачоўскага цэнтра культуры. Нядаўна яго судзілі па „экстрэмісцкім артыкуле” за тое, што размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды на фоне польскага чырвона-белага сцяга. Суд палічыў, што паколькі польскі сцяг падобны да беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага, то Дашкевіч распаўсюджвае такім чынам экстрэмісцкія ідэі. Суд адбываўся завочна, бо яшчэ летась Дашкевіч з’ехаў у Польшчу.
Беларускае Радыё Рацыя