Ганна Федаронак: Проста жах, як уцякаюць беларусы з канцлагеру — з Беларусі



У Варшаве працягвае функцыянаваць шэлтар фонду “Kraj do Zycia” для беларускіх і ўкраінскіх жанчын і дзяцей. “Цяпер мы гатовыя прыняць у наш дом яшчэ 2 сям’і”, – распавяла сённяшняя Госця Рацыі, дырэктарка ўстановы Ганна Федаронак нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай:

— На гэтым тыдні жыццё не вельмі насычанае, бо некалькі сем’яў з’ехалі, знайшлі сабе жытло, уладкаваліся. З першага верасня ў нас два вольныя пакоі, таму мы можам прыняць дзве сям’і вялікія, ці чатыры маленькія. Таму ў нас цяпер трошкі спакойна і ціха — такое рэдка бывае, але некалькі дзён цішыня. Чакаем новых жыхароў, якім мы зможам памагчы. Мы ведаем, што з першага кастрычніка праект будзе існаваць яшчэ на паўгода, мабыць — італьянцы даюць нам грошы.

РР: Пры гэтым побытавыя рэчы ўсё адно застаюцца запатрабаваныя і трэба нешта набываць.

— Ну гэта заўсёды нам патрэбна. Я, як заўсёды, хаджу з выцягнутаю рукой, прашу дапамогі. Цяпер спярша нам патрэбны пыласмок, бо ўжо другі пыласмок зламалі дзеці. Ну вядома, дзеці ёсць дзеці. Там, дзе ёсць дзеці, там заўсёды ўсё ламаецца. Таму, можа ў кагосьці ёсць пыласмок ужываны, непатрэбны, які працуе, просты пыласмок, каб можна было ім добра прыбіраць. Таму, калі хтосьці нам дапаможа, то будзем вельмі ўдзячныя. Ну і так патрэба заўжды ёсць у бытавой хіміі. Цяпер пачынаецца навучальны год у канцылярыі для дзетак, заўсёды патрэбная дапамога.

РР: Шэлтар працуе не адзін год. Што вы заўважаеце з боку людзей, якія маглі б дапамагчы? Наколькі ахвочых зрабіць гэта стае больш або менш?

— Шэлтар працуе ўжо амаль два гады і ахвочых стае ўжо настолькі менш, што можна сказаць, што зусім іх мала засталося. Калі на першы час ахвочых было вельмі многа, нам прывозілі рэчы, да нас прыязджалі валанцёры. Цяпер з дапамогай вельмі цяжка. Калі нейкая дапамога прыходзіць, то мы ўдзячныя таму чалавеку. Ну людзі стаміліся, мабыць, бо ведаюць, што гэта доўга, думалі, што ўсё будзе хутка. Цяпер вельмі многа беларусаў, больш за ўкраінцаў. Проста жах, як уцякаюць беларусы з канцлагеру — з Беларусі. Выязджаюць тыя, што адбылі свой тэрмін; тыя, на каго заводзяць крымінальныя справы за рэпост, падабайкі, за ўсё. Як людзі прыязджаюць адтуль, здаецца, — як мы з’язджалі ў 2020-м годзе не так было страшна, — там такое адбываецца цяпер — проста страшна. Найбольшы боль за нашых дзяцей, бо, я ведаю, на першага верасня ў кожнай школе была міліцыя, скора аўтазакі будуць. У нас у Паставах робяць клас патрыятычна-вайсковы, дзе дзеці будуць у вайсковай форме хадзіць у школу. З дзяцей будуць рыхтаваць салдатаў. Сёлета гэта будзе адзін клас, а налета будзе пяць класаў, а потым увогуле ўся школа будзе вайсковай. Я разумею, што дзеці не разумеюць, што адбываецца, але куды глядзяць бацькі — можна ж адмовіцца, сказаўшы, што не хочаш, каб дзіцё хадзіла ў такі клас.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

“Запрашаем усіх завітваць у наш шэлтар! Нашыя дзверы адчыненыя!”, – дадала Ганна Федаронак.

Беларускае Радыё Рацыя