У Менскім раёне сілавікі затрымалі 40 мігрантаў



Групу з 40 іншаземцаў затрымалі ў Калодзішчах (Менскі раён) супрацоўнікі абласнога ўпраўлення грамадзянства і міграцыі пры падтрымцы АМАПу, паведаміла 4 верасня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Калі адбылося затрыманне групы нерэгулярных мігрантаў — невядома, але іх ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Прынятае таксама рашэнне аб іх прымусовым выправаджэнні з Беларусі. Пры гэтым у МУС заявілі, што 14 чалавек не мелі дакументаў, таму іх затрымалі для высвятленьня асобы.

Паводле інфармацыі ведамства, іншаземцы, не маючы візаў, прыбылі ў краіну з Расеі наземным транспартам, далей планавалі прайсці ў Латвію.

«Праводзіцца праверка па ўстанаўленні арганізатара канала незаконнай міграцыі», — гаворыцца ў паведамленні.