У Гомелі загадчыка аптэкі асудзілі за данаты і фота расейскай вайсковай тэхнікі



У Гомельскім абласным судзе да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў) асудзілі 34-гадовага загадчыка адной з гарадскіх аптэк Дзмітрыя Макеева. Прысуд вынес Яўген Шаршнёў.

За данаты «Белсату», фонду салідарнасці BYSOL, а таксама палку Каліноўскага яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» і «фінансаванні ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні».

За перадачу службовых дакументаў і фота расейскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-каналы, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі, яго абвінавацілі ў «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Падтрымаць вязня: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Дзмітрый Аляксандравіч Макееў.

вясна