У беларусаў забралі магчымасць прадаваць сваю нерухомасць з-за мяжы

Для тых, хто прапусціў навіну: цяпер беларусам нельга будзе памяняць пашпарт, будучы за мяжой. А таксама нельга будзе прадаць нерухомасць па даверанасці.
Проста зразумейце, што рана ці позна тэрмін дзеяння пашпарту скончыцца. Прыйдуць у вашу кватэру, спытаюць – а дзе ўладальнікі? Няма? Што ж, пакуль забярэм да дзяржавы.
А дзяржава ў Беларусі – гэта дэ-факта бандфармаванне. «Бананавая рэспубліка», на якую ў дэмакратычных грамадствах няма часу пакуль яна пагражае толькі сваім грамадзянам.
Памятаеце пра некалькі бананавых бандфармаванняў пад агульнай назвай «Самалі»?
Мяне калісьці ўразіла як цынічна адну з расейскіх груповак на Данбасе назвалі словам «Самалі». Што такое Самалі? Гэта сінонім адсутнасці законаў, усёдазволенасці і наагул ручнога кіравання захопленай тэрыторыяй.
Узгадваеце самалійскіх піратаў, якімі поўніліся сусветныя медыі? А куды яны зніклі з інфармацыйнага поля?
Амерыканцы са сваімі саюзнікамі ціха-непрыкметна знішчылі бандытаў. Што там з міжнародным заканадаўствам, не ведаю. Самалійскіх піратаў як пагрозы сусветнаму гандлю больш няма.
У Афрыцы ёсць і больш страшныя за Самалі тэрыторыі. Нават з ужываннем у ежу чалавечага мяса. Але іх не чапаюць, бо па-за межы сваіх юрысдыкцыяў мясцовыя царкі не выходзяць.
Сёння лукашысты яшчэ ўмоўныя «самалійцы». Бо калі праз іх чыннасць будзе закрытая мяжа для перавозкі кітайскіх тавараў у Еўропу, лукашыстаў могуць проста пачаць «інагда не да законаў» змяняць у патрэбны бок.
А пакуль лукашэнскаўскія «самалійскія піраты» адціскаюць нерухомасць у сваіх суграмадзянаў, то захад нічога рабіць не будзе.
Толькі вось жа які аспект. Пра афрыканскія краіны, дзе практыкуецца рабства, людажэрства, сексуальны гвалт і шмат чаго дзікага з пункту гледзішча сучаснага еўрапейца, вы не ведаеце.
А пра Беларусь ведаюць усе, хто чытае навіны.
Лукашысты адразаюць беларусаў ад радзімы цалкам сабе лагічна. Хто не лукашыст, той для іх вораг.
Едзь мяняй пашпарт у Беларусь, а мы вырашым ці табе можна вяртацца ў тваю Польшчу, Літву ці наагул Канаду.
Людзей у Беларусі будзе менець. Прычым, звычайна талковых людзей.
На іх месцы могуць прыйсці прыхадні з Расеі ці адкуль яшчэ. І яны дакладна будуць не лукашыстамі, а горш.
І галоўнае: беларуса цяжка раззлаваць крыўднымі словамі. А вось пазбаўленнем маёмасці вельмі нават можа ўзрушыць.
Працуйце, лукашысты, мацуйце падмурак для працягу Беларускай рэвалюцыі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя