Для Паліны-Шарэнды Панасюк перасталі прымаць перадачы

Для Паліны-Шарэнды Панасюк перасталі прымаць перадачы, якая пасля галадання мае патрэбу ў адмысловым харчаванні.
Яе таксама чакае яшчэ адзін этап у Рэчыцкае ІЧУ, якое славіцца жорсткім абыходжаннем з палітвязнямі. Гаворыць муж Паліны, Андрэй Шарэнда:
— Цяпер Паліна ў СІЗА-3. Яна чакае суду, бліжэйшыя некалькі тыдняў мае адбыцца суд. Вядома, што суд адбудзецца ў Рэчыцы, значыць, Паліну чакае яшчэ адзін этап — у Рэчыцкае ІЧУ, што вядомы сваімі кепскімі ўмовамі ўтрымання. Апошні тыдзень для Паліны больш не прымаюць перадачы. Няўцямна, ці то наўмысна робяць, ці то проста нейкая хіба сістэмы.
Паводле Андрэя Шарэнды, праблему з перадачамі яны будуць вырашаць з адвакатам Паліны.
Нагадаем, 23 жніўня Паліна Шарэнда-Панасюк абвясціла галадоўку і не ела, пакуль яе не перавялі ў Гомельскі СІЗА.
Палітзняволеную бліжэйшым часам збіраюцца судзіць зноў у межах крымінальнай справы за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”. Але, як кажа Андрэй Шарэнда, сям’я не губляе надзеі, што яе хутка ўбачыць.
Беларускае Радыё Рацыя