На адной дзіўнай планеце



Сучасная цывілізацыя ўсё больш і часцей хваліцца сваімі тэхнічнымі дасягненнямі. Людзі імкнуцца выйсці за межы сваёй планеты і даследаваць, а потым асвоіць чужыя. Праўда, за апошнія 50 гадоў у гэтым кірунку чалавецтва не асабліва прасуналася. Праўдападобна, што нягледзячы на ўвесь імклівы рост і развіццё тэхналогій, магчымасці гэтыя ўсё ж досыць абмежаваныя. Больш таго, чалавецтва так і ня можа глыбока спазнаць нават сваю Зямлю. Навука нібыта развіваецца, але так і не здольная прадказваць, прыкладам, землятрусы ды іншыя стыхійныя бедствы.

У ноч на 9 верасня страшная катастрофа напаткала краіну Марока – у Атласкіх гарах, што на поўначы Афрыкі, здарыўся моцны землятрус – больш 2 тысяч чалавек загінула, такая ж колькасць паранена і пакалечана. Лічба ахвяраў цэлы час расце. Ну і ніякія ні сейсмолагі, ні астролагі не змаглі прадбачыць такой прыроднай трагедыі. Ёсць тэорыя, паводле якой сцвярджаецца, што цела кожнага асобнага чалавека створана па падабенстве да ўсяго зямнога шарыка. І адпаведна наадварот. Калі ў чалавека душэўны разлад, парушана гармонія яго прыроды, ён пачынае хварэць – хвароба душы можа адбіцца на якой заўгодна частцы цела – ад пальца на назе да сэрца. І калі баліць хоць адна частка цела – баліць усяму целу. Так і з цэлай планетай Зямля. Паводле іншай тэорыі добрага на ёй заўсёды больш, чым кепскага – згодна з гэтым сцверджаннем у адваротным разе яна не здолела б існаваць увогуле і знікла б з галактыкі. Але калі кепскага і злога на планеце бо́льшае, тады пачынаецца перыяд вялікіх прыродных катаклізмаў, эпідэмій, войнаў. Чалавецтва павінна прайсці праз такі катарсіс, каб ачысціцца ад злога і пачынаць адраджаць лепшае, пазітыўнае, ствараць нейкую новую цывілізацыю. На жаль, нягледзячы на згаданы вышэй шалёны тэхнічны прагрэс, навука мала прасуналася ў вывучэнні ўплыву дзейнасці чалавечай цывілізацыі на «арганізм» усёй планеты. А шкада, бо падобна на тое, што менавіта ў такі перыяд зараз увайшоў сучасны свет.

Палітычныя падзеі прадказаць намнога прасцей, чым прыродныя стыхійныя з’явы. Прыкладам, калі Германія і Расея пачынаюць развіваць сяброўства – чакай вялікай бяды. Выразна пацвердзіла гэта дваццатае стагоддзе, адзначанае дзвюмя сусветнымі войнамі. У дваццаць першым – палітыка шродэраў-меркеляў і ім падобных заходніх рэжымаў прывяла да ўмацавання і росту пуцінскага рэжыму і новай страшнай вайны, канца якой пакуль не відаць. Як толькі Пуцін прыйшоў да ўлады ў Крамлі, нямала публіцыстаў пісалі пра тое, куды будзе развівацца маскоўскі рэжым (бо была выразна зразумелая яго прырода) і чым усё скончыцца. Толькі іх чамусці не слухалі. У выніку – жорсткая расплата, агульная цана якой пакуль невядомая.

Зараз чалавецтва перажывае эпоху рэстаўрацыі імперый. Дзве антыгуманныя таталітарныя дзяржавы – Расея і Кітай імкнуцца захаваць свае «турмы народаў» і захапіць яшчэ новыя тэрыторыі. Трэцюю імперыю – «цюркскі свет» – прагне адрадзіць кіраўнік Турцыі Эрдаган. Апошнія перамовы расейскага і турэцкага дыктатараў паказалі, што яны дамаўляліся найперш пра падзел сфераў уплыву і права на захоп іншых тэрыторый. Таму толькі наіўныя здзіўляюцца зараз, што Эрдаган так выразна стаў падтрымліваць Маскву, у тым ліку па ўкраінскіх пытаннях. Узамен Крэмль будзе закрываць вочы на тэрытарыльныя прэтэнзіі Турцыі да Ірана, Сірыі, пазней – Арменіі, а Азербайджан ужо пад турэцкім уплывам. Зараз у тым рэгіёне. можна чакаць новых лакальных войнаў.

Падобнае цягнецца да падобнага – гэта закон прыроды. З іншага боку дыктатарскія рэжымы Расеі, Кітаю, Турцыі ня могуць сябраваць доўга. Гэта як паміж бандытамі, кожны з якіх пры першай жа нагодзе ўсадзіць нож у плечы іншага. Урэшце ўсе гэтыя імперыі ці недаімперыі з трэскам разваляцца, як гэта заўсёды бывала ў гісторыі. Тым больш перад абліччам куды больш магутнай таталітарнай сістэмай новага тыпу – імперыяй транснацыянальных карпарацый, заснаванай на кібертыраніі, электроннай дыктатуры. Ці вытрывае яе Маці-Зямля?..

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, верасень 2023