Пра трактары для вайскоўцаў
Як вы думаеце, на чым можна катаць вайскоўцаў? На вайсковых машынах. Ну, там на танках розных. У скрайнім выпадку на конях. Але ў Беларусі вайсковых аташэ 14 дзяржаў Афрыкі пакаталі на трактарах. І гэта быў азнаямленчы візіт. Яны б яшчэ тых вайсковых аташэ адправілі прыбіраць бульбу ці буракі.

Вайсковым аташэ з Афрыкі падчас азнаямленчага візіту паказалі ўзоры трактароў і прапанавалі паездзіць на сельскагаспадарчых машынах. Толькі навошта вайсковым аташэ трактары? Яны што фермеры? Дзе яны іх будуць выкарыстоўваць? Па фронце раз’язджаць? А самае галоўнае, ці разбіраюцца яны ў сельскагаспадарчай тэхніцы. Вайсковыя аташэ з’яўляюцца прадстаўнікамі вайсковага ведамства і кансультуюць дыппрадстаўніцтвы па ваенных пытаннях. Таму цалкам нармальна, калі для іх трактар не будзе выяўляць аніякай цікаўнасці. Ім бы ваенную тэхніку паглядзець, дроны якія, сістэмы СПА.
Таму толькі ўладам Беларусі зразумела, якім чынам трактар адносіцца да вайны, калі яны вырашылі ваенным аташэ трактарны завод паказаць. А ўвогуле трэба было не спыняцца на дасягнутым, а адвезці іх яшчэ на Гомсельмаш, ротарныя жаткі ім паказаць, даць паездзіць на камбайнах. Ці яшчэ б іх на Мілавіцу завезлі і азнаёмілі з вытворчасцю ніжняй жаночай бялізны. Ну, гуляць дык гуляць.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя