Пад бокам у ворага

За паўтара гады вялікай вайны ўкраінцы не тое каб прызвычаіліся да яе, але навучыліся прыстасоўвацца жыць у гэтых умовах. І калі на сённяшні дзень за мяжой знаходзяцца каля шасці мільёнаў украінскіх грамадзян, то гэта тыя, хто не вяртаўся ва Украіну з моманту эвакуацыі. У асноўным, гэта гараджане, чамусьці так адбылося, што жыхары вёсак вырашылі застацца дома. На Чарнігаўшчыне ёсць вёскі, якія знаходзяцца ў мінімальнай блізкасці да РФ, і нягледзячы на гэта людзі працягваюць там жыць.
Усё змянілася: гучнейшыя ад спеву пеўняў – гукі выбухаў; у пунктах здароўя – адзін фельчар, ён жа часам і замест лекара, таму што сямейныя лекары ў такія вёскі прыяжджаюць вельмі рэдка; тыя, хто ездзіў на працу ў абласны цэнтр, праз вайну яе страцілі.
Цяпер крыніцы даходу – малако, у каго засталася хатняя жывёла, і летам у лясах ягады і грыбы. Але смельчакоў пайсці ў лес няшмат, таму што на кожным кроку таблічкі з папярэджаннем аб выбухованебяспечных прадметах. А на гук паветранай трывогі жыхары прыгранічных вёсак увогуле не рэагуюць: бамбасховішчаў няма, а ў склепе быць яшчэ больш небяспечна, чым у доме. Пасля дэакупацыі Чарнігаўшчыны, у пачатку красавіка 2022 года, людзі чакалі перасяленцаў з усходніх абласцей. І з горыччу кажуць, што не дачакаліся, хаця былі гатовыя прыняць і дапамагаць.
Але ніхто не захацеў ратавацца ад вайны за дзесяць кіламетраў ад дзяржавы-агрэсара. Да вайны не прызвычаішся, яе не можаш не заўважаць, калі ад кананады закладвае вушы і дрыжыць зямля. А жыхары памежжа імкнуцца ад «суржыка» перайсці на ўкраінскую мову, каб быць як мага далей ад суседа. Нягледзячы на тое, што іх падзяляюць усяго дзесяць кіламетраў.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Array