Агляд прэсы: Пад покрывам маўчання
«Падрыхтоўка тэрактаў» у Беларусі: пастаноўка для аднаго гледача? Партугалія ў ролі адваката Украіны ў ЭЗ. Спрэчка Берліна і Рыма пра бежанцаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Сховіны з выбухоўкай і затрыманыя на ланцугу – КДБ Беларусі раскрыў «падрыхтоўку тэрактаў» «баявымі ячэйкамі СБУ». Вынікі аперацыі шырока асвятлялі дзяржСМІ. «Што не так з прадстаўленымі матэрыяламі справы?», – сочыць за сітуацыяй нямецкае выданне DW.
«Дакументальны фільм «Бесы тэрору» дзяржаўнага тэлеканала ОНТ расказвае, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі раскрыў «падрыхтоўку тэрактаў» на Беларускай чыгунцы. Напрыканцы жніўня – пачатку верасня камітэтчыкі затрымалі шэсць грамадзян Беларусі і Украіны, якія дзейнічалі нібыта па заданні ўкраінскіх спецслужбаў. Затрыманым пагражае смяротнае пакаранне. Але ўсё гэта можа быць пастаноўкай для аднаго гледача – Лукашэнкі. На відэа допыту, які ўвайшоў у фільм ОНТ, у мужчыны падбіта вока, а на кашулі бачная вялікая пляма, верагодна, засохлай крыві. Дый усё знята прыгожа і пераканаўча, з ужываннем мноства тэхнічных сродкаў. Маюцца і нестыкоўкі ў справе. Пытанне выклікае сама выбухоўка, якая не магла падарваць цягнік. Таксама з фільма незразумела, хто ж усёткі вербаваў «агентаў» – СБУ або ГУР. Затрыманыя не могуць назваць мэту «мерапрыемстваў», а гавораць «завучанымі фразамі» пра «дэстабілізацыю абстаноўкі». Уся гэтая гісторыя вельмі падобная на правакацыю, мэта якой – запалохаць людзей, прадэманстраваць свой кантроль над сітуацыяй, які адсутнічаў пры актыўнасці «рэйкавых партызан», – піша нямецкае выданне.
Германскі фонд Маршала Злучаных Штатаў ва ўласным выданні апублікаваў вынікі свайго штогадовага даследавання «Трансатлантычныя тэндэнцыі». У 2023 годзе рэпрэзентатыўныя апытанні праводзіліся ў Канадзе, Францыі, ФРГ, Італіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Гішпаніі, Швецыі, Турцыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Удзельніцам і ўдзельнікам былі зададзены і тры пытанні на ўкраінскую тэму: сяброўства ў НАТА, у ЕЗ і стаўленне да фінансавай падтрымкі аднаўлення краіны. «Самымі «праўкраінскі краінамі» сталіся Літва, Польшча і…. Партугалія», – са здзіўленнем адзначае нямецкае выданне Gmfus.
„Менавіта партугальцы з’яўляюцца лідэрамі ва ўсіх трох катэгорыях: за сяброўства Украіны ў НАТА ў Партугаліі выказаліся 78% апытаных (сярэдні вынік па краінах – 61%, у Літве – 76%, а ў Польшчы – 71%). За Украіну ў ЕЗ у Партугаліі выступае 81% (сярэдні вынік па краінах – 63%, у Літве – 77%, у Польшчы – 72%). Фінансавую падтрымку аднаўлення Украіны ў Партугаліі ўхваляе 86% (сярэдні вынік па краінах – 69%, у Літве – 79%, Швецыі – 75%, у Польшчы – 72%). А вось у Італіі, Францыі і Германіі насельніцтва да гэтых пытанняў падыходзіць куды больш асцярожна. ФРГ у выніку і зусім апынулася на апошнім месцы; па ўсіх пытаннях: 45% за сяброўства Украіны ў НАТА (42% – супраць), 49% за ўступленне Украіны ў ЕЗ (38% – супраць), 57% за фінансавую падтрымку аднаўлення (34 % – супраць). Аналагічны ўзровень падтрымкі аднаўлення Украіне назіраецца і ў ЗША, але амерыканцы больш лаяльна ставяцца да ўступлення Украіны ў НАТА (61%) і ЕЗ (58%). Калі з настроямі ў Літве, Польшчы, ФРГ і ЗША ўсё больш-менш зразумела, дык партугальскі феномен патрабуе дадатковага вывучэння», – адзначае нямецкае выданне.
З канца жніўня Германія больш не прымае ў сябе бежанцаў, якія едуць з Італіі. Берлін спасылаецца на адмову італьянскага ўрада прымаць назад мігрантаў, якія прыехалі спачатку ў Італію, а потым накіраваліся ў іншыя краіны Еўропы. Згодна з заканадаўствам ЕЗ, менавіта краіна першапачатковага прыёму мігранта і павінна разглядаць хадайніцтва аб прытулку. Рым, аднак, заяўляе, што ён ужо не спраўляецца з колькасцю новапрыбылых. Так, на мінулым тыдні ўсяго за два дні – аўторак і сераду – на востраў Лампедуза прыбыло звыш 7 000 чалавек. Турынская газета La Stampa крытыкуе пасіўнасць Бруселя.
«Справа ў тым, што зараз у Еўропе разгараецца новы міграцыйны крызіс, а ў ЕЗ зноў няма напагатове ніякіх рашэнняў. І хаця гэты крызіс наўрад ці параўнальны з крызісам лета 2015 года, колькасць бежанцаў, якія прыбываюць сёлета, выклікае трывогу. А атмасфера ўзрослай палітычнай напружанасці ў адносінах паміж Італіяй, Францыяй і Германіяй не абяцае нічога добрага. Але калі вы паслухаеце 70-хвілінную прамову Ўршулі фон дэр Ляйен аб становішчы спраў ЭЗ , то можа падацца, што нічога не адбываецца. Аніякіх прамых указанняў на падзеі апошніх дзён. Ніводнага згадвання аб міжземнаморскім маршруце, які стаў галоўнай брамай у Еўропу, і па якім за першыя восем месяцаў гэтага года прыбыло 114 000 чалавек», – канстатуе італьянскае выданне.
У моц таго, што Расея разбурыла адзін з цэнтраў апрацоўкі дадзеных ва Ўкраіне, камунікацыя паміж украінскімі вайскоўцамі шмат у чым залежала ад спадарожнікаў Starlink, якія вырабляюцца кампаніяй Ілона Маска. З публікацыяй новай біяграфіі Маска стала вядома, што мільярдэр часова абмяжоўваў доступ Украіны да Starlink, у выніку чаго быў сарваны ўдар па расейскіх вайсковых караблях у Крымскага паўвострава. Лонданская газета The Independent заўважае:
«Не так даўно здавалася само сабой зразумелым, што ў дэмакратычнай краіне не павінна быць «нікім не абіраных службовых асоб». Амерыканскі народ – як у дадзеным выпадку і народ украінскі – не даваў сваёй згоды на тое, каб ім кіраваў Ілон Маск, аднак менавіта так і адбываецца. Вялізарны капітал Маска і яго бізнэс-актывы ў спалучэнні з відавочнай адсутнасцю ў заходніх дэмакратый цікавасці да даследаванняў і распрацовак на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, пачынаючы яшчэ з эпохі Рэйгана і Тэтчэр, калі гэтая сфера была аддадзена на водкуп прыватнаму бізнэсу, усё гэта прывяло да таго , што мы апынуліся залежнымі ад добрай волі дабрачынцаў і, хочацца на гэта спадзявацца, – дабрадзейных мільярдэраў».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя